зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці

Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці

Змест

Апісанне

Азарыцкі лагер смерці - адзін з буйнейшых часовых лагераў для грамадзянскага насельніцтва, якія ствараліся з мэтай стрымлівання імклівага націску савецкіх войск вясной 1944 г. 

Лагер смерці быў створаны ў сакавіку 1944 г. каля пасёлка Азарычы, вёсак Падасіннік і Дзерць былой Палескай вобласці. Пад выглядам эвакуацыі гітлераўцы гвалтоўна сагналі сюды больш за 50 тысяч мірных жыхароў з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей, пераважна старых і жанчын з дзецьмі. 

Азарыцкі лагер складаўся з трох лагераў, якія ўяўлялі сабой нічым не абсталяваную рэдкалесную забалочаную тэрыторыю, абнесеную калючым дротам. Падыходы да іх былі замініраваны, вакол стаялі вышкі з кулямётчыкамі. 

Лагер № 1 знаходзіўся ў 3 км на захад ад Азарычаў, у лесе, уздоўж дарогі, на адлегласці 2-2,5 км ад яе. Абгароджаная дротам тэрыторыя ў форме прамавугольніка мела памеры 600х350 м. З паўночна-заходняга боку да лагера прымыкала балота. Лагер № 2 знаходзіўся за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад в. Дзерць, паміж дзвюма прасёлачнымі дарогамі. Яго тэрыторыя складала 900х400 м. Лагер № 3 размяшчаўся за 3 км на паўночны ўсход ад Азарычаў, з правага боку ад шашы Азарычы-Валосавічы, за 1 км на захад ад в. Падасіннік. Яго плошча складала каля 2 га. 

Рабіць зямлянкі, шалашы ці іншыя прыстасаванні для жытла і сховішча не дазвалялася. Вузнікам даводзілася спаць на мёрзлай ці мокрай зямлі ў вільготнай вопратцы. Пітной вады не было, паліць вогнішчы забаранялася. Раз у тыдзень праз дрот гітлераўцы кідалі хлеб. Такім чынам, у лагерах быў устаноўлены рэжым, разлічаны на знішчэнне людзей. Кожны дзень ад холаду і голаду паміралі сотні людзей. Мёртвых хаваць не дазвалялі.

Акрамя таго ў планах нямецка-фашысцкіх захопнікаў было распаўсюджанне ў лагерах эпідэміі сыпнога тыфу, каб пасля хвароба перакінулася на перадавыя часткі Чырвонай Арміі і гэтым аслабіла наступленне. З гэтай мэтай у лагеры былі прывезены з бліжэйшых населеных пунктаў і бальніц хворыя сыпным тыфам.

У лагерах людзі знаходзіліся ад 7 да 15 дзён. 18-19 сакавіка 1944 г. войска 65-й арміі 1-га Беларускага фронту вызвалілі з Азарыцкіх лагераў 33 480 чалавек, з іх 15 960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. Спатрэбіліся вялікія намаганні медыкаў, каб лакалізаваць тыф і не даць хваробе распаўсюдзіцца ў войсках і сярод насельніцтва.

Суд над гітлераўскімі злачынцамі, віноўнымі ў гібелі тысячы людзей у Азарыцкіх лагерах, адбыўся ў студзені 1946 г.

Першыя памятныя знакі тут з'явіліся ў 1965 г. У 2004 г. на ўшанаванне памяці вязняў на месцы лагера смерці каля г.п. Азарычы быў узведзены мемарыяльны комплекс. У 2023 г. была праведзена яго масштабная рэканструкцыя.

Старонка