Шыфр
713Д000011
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1880 г.
Звесткі аб дакладным месцы нараджэння Максіма Багдановіча знаходзяцца сярод рукапісаў бацькі паэта, Адама Ягоравіча Багдановіча, які на працягу 1923-1924 гадоў па просьбе Кафедры гісторыі беларускай літаратуры Інстытута Беларускай Культуры перадаў Інстытуту 14 папак рукапісаў паэта і іншых дакументаў, што маюць дачыненне да творчасці і біяграфіі Максіма. Сярод іх і ўласны рукапіс А.Я. Багдановіча пад назвай "Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича". Гэты дакумент упершыню апублікаваны ў 1928 годзе, потым у 1965 і 1975 гадах. Вось што ў ім гаворыцца: "Детей у нас было четверо. Первенец Вадим родился в марте 1890 г., Максим - 27 ноября 1891 г. Оба родились в Минске, на Троицкой горе на Александровской улице, в доме Коркозевича (теперь №25), что во дворе, во втором этаже, где в то время помещалось 1-е приходское училище и моя учительская квартира (направо от входа)". У гэтым доме Максім пражыў ад дня нараджэння да чэрвеня 1892 года, калі яго бацька з прычыны пагаршэння здароўя вымушаны быў змяніць працу і пераехаў з сям'ёй у Гродна. Паводле даведніка "Весь Минск" на 1911 г., дом № 25 знаходзіўся на левым баку вуліцы Аляксандраўскай (сучасная вул. М.Багдановіча), у квартале, абмежаваным вул. Паліцэйскай (вул. Троіцкай, сучасная вул. Старажоўская) і зав. 1-м Семінарскім (сучасная вул. Архітэктара Заборскага). Па адміністрацыйным падзеле г. Мінска ў канцы 19 - пачатку 20 ст. гэты квартал атрымаў парадкавы № 45. Да рэканструкцыі набярэжнай уздоўж Свіслачы і змены трасіроўкі вуліцы Старажоўскай квартал займаў значна большую плошчу і быў амаль прамавугольнай формы. Ён быў падзелены на 16 пляцаў, забудова якіх была даволі шчыльнай. Да нашага часу ў перабудаваным выглядзе захаваліся дом № 25 па вул. М.Багдановіча і дом № 3 па вул. Архітэктара Заборскага, якія непасрэдна межавалі з флігелем, у якім нарадзіўся паэт. У 1959 г. (новы варыянт зроблены ў 1982 г.) на фасадзе рэканструяванага жылога дома № 25 была ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: "На гэтым месцы знаходзіўся дом, у якім 9 снежня (27 лістапада) 1891 г. нарадзіўся выдатны беларускі паэт Максім Багдановіч". Надпіс не зусім адпавядае рэчаіснасці, бо як вышэй было адзначана, будынак №25 пабудаваны пазней нараджэння паэта, у 1894 г., а ў 1946-47 гг. адноўлены. Аналіз архіўных дакументаў паказаў, што М.Багдановіч нарадзіўся ў змешаным флігелі, які знаходзіўся ў двары, прыкладна на адлегласці 10 м ад дваровага фасада дома № 25. Хутчэй за ўсё, флігель згарэў у Вялікую Айчынную вайну. У 2011 - 2013 гг. падчас будаўніцтва жылога дома па вул. Старажоўскай, 6 была рэканструявана і добраўпарадкавана ўнутрыквартальная тэрыторыя. Адначасова паблізу месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся М.Багдановіч, быў устаноўлены мемарыяльны знак.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён