Шыфр
613Б000607
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Датаванне
22.09.1972
Апісанне
Заказнік уключае тэрыторыю (агульная плошча 269 га), прылеглую да мемарыяльных сядзіб Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня, ур. Бервянец.
Акінчыцы - месца нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа; у мінулым засценак; потым вёска, з 1977 г. увайшла ў г. Стоўбцы. Тут у 1881-83 гг. Жыла сям'я Міцкевічаў. У адноўленай сядзібе (жылы дом, гумно, склеп, калодзеж) адкрыта для наведвання мемарыяльная экспазіцыя. Сярод экспанатаў аналагі рэчаў, якімі карысталася сям'я Міцкевічаў, прылады працы.
Альбуць -- былая леснічоўка ў 5 км ад Стоўбцаў. Будучы пісьменнік жыў тут у 1890-1902 гг. Вучыўся ў так званых дырэктараў А. Фурсевіча і Я. Міцкевіча. Апаэтазаваў у паэме "Новая зямля" пад назвай Парэчча. Будынкі адноўлены, у 1961 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. Тут створана літаратурна-мемарыяльная экспазіцыя па матывах паэмы "Новая зямля".
Ласток -- мемарыяльная сядзіба ў 12 км ад в. Мікалаеўшчына. Тут у 1885-1890 гг. прайшлі дзіцячыя гады Я.Коласа. У двух пакоях размясцілася літаратурная экспазіцыя па матывах паэмы "Сымон-музыка".
Смольня - у 1910 г., праз 8 гадоў пасля смерці Міхала, Міцкевічы нарэшце купілі сваю хату ў Смольні на арандаванай зямлі, куды перавезлі будынак з Уздзенскага раёна. Калі будавалася хата, Якуб Колас сядзеў у мінскай турме, і толькі 19 верасня 1911 г. прыехаў сюды ўпершыню. Беднай і запусцелай здалася паэту Смольня. Каб хоць крыху зрабіць яе ўтульнай, Якуб Колас пасадзіў на сядзібе дрэвы - ліпы.Пад гэтымі ліпамі сядзелі маладыя Якуб Колас і Янка Купала ў час першай сустрэчы летам 1912 г. У Смольні Якуб Колас бываў некалькі разоў у 1911-1914 г. Тут працягвалася праца над паэмай “'Новая зямля“ і “Сымон-музыка”, напісаны шэраг вершаў, апавяданняў. Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956г.
Урочышча Бервянец - знаходзіцца каля вёскі Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёну, побач з ТАК “Высокі бераг”, на правым беразе р.Нёман. Сюды прыходзіў Якуб Колас любавацца прыгажосцю прыроды, і менавіта гэтае месца ён апісваў у сваім вершаваным рамане «Новая зямля». Стала добрай традыцыяй наладжванне і правяденне фестывалей і злётаў рэспубліканскага і абласнога ўзроўню ў Бервянцы, для чаго адмыслова была пабудавана сцэна. Таксама гэта вядомае месца адпачынку для жыхароў Стаўбцоўшчыны і размешчанай непадалёку турбазы “Высокі бераг.”На сённяшні дзень Бервянец служыць сцэнічнай пляцоўкай для коласаўскіх свят, турзлётаў.