Шыфр
33АК000056
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Песенная паэзія фальклорнага гурта вёскі Казлы ў прыватнасці пазаабрадавая лірыка (любоўная і сямейная), традыцыйныя каляндарна-абрадавыя песні – гэта мастацкае выказванне эстэтычных адносін народа да рэчаіснасці: прыроды, побыту, працы селяніна, абрадаў і звычаяў, што вякамі бытуюць у сялянскім асяроддзі: да прыгажосці самога чалавека: знешняй і ўнутранай. У песеннай паэзіі адлюстраваліся таксама і ідэалы эстэтычнай свядомасці народа: яго рэлігійныя пачуцці і ўяўныя, па-мастацку ідэалізаваныя малюнкі сялянскага жыцця. Рэпертуар і манера выканання, уласцівая казлоўскаму гурту, рэпрэзентуе, з аднаго боку, тыповыя і яскравыя прыкметы цэнтральнапалескага спеўнага стылю, з другога – вызначаецца самабытнасцю. Найбольш адметная частка песеннага календара вёскі Казлы – веснавыя загуканні. Менавіта ў гэтай групе песень найбольш яскрава праяўляюцца стылявыя асаблівасці палескага веснавога календара і галоўнае значэнне веснавых песень – сваім гучаннем наблізіць надыход вясны. Менавіта напевы веснавых закліканняў у поўную меру раскрываюць склаўшаеся ў музычным побыце Палесся паняцце спяваць “гóласна”. Традыцыі “гóласнага” спявання на адкрытым паветры (“на волі”) веснавых загуканняў у выкананні казлоўскіх спявачак яскрава выяўляюць і сваю імператыўна-рытуальную аснову, і сваю эстэтычную значнасць, і каларыстычную ёмістасць гукавой палітры народнай школы спявання на адкрытым паветры. Другая адметнасць мясцовай песеннай традыцыі – стыль спявання, які мае назву дыяфонія на элементах бурданіравання. Гэта адзін з найбольш архаічных тыпаў музычна-фальклорнага шматгалосся, які аб’ядноўвае рысы аднагалоснага спявання ва ўнісон і двухгалосных спеваў. Пры гэтым галасы суадносяцца такім чынам, што адзін з іх выконвае асноўную мелодыю, а другі час ад часу “прыпыняецца” на галоўнай ладавай апоры, утвараючы тэрцавыя або квартавыя сугуччы, якія “расквечваюць” асноўную мелодыю. У в. Казлы ў такім стылі выконваецца частка вясельных песень.