Шыфр
33АК000057
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Апісанне
Спакон вякоў Лельчыцкі раён славіцца сваімі талентамі, а в. Новае Палессе, якая да 1964 г. называлася Каросцін, – невычэрпная крыніца народнай творчасці, адметнага выканаўчага стылю, унікальнага песеннага рэпертуару. Каб падтрымаць гэты багаты пласт духоўнай народнай культуры ў 2000 г. быў створаны фальклорны калектыў “Палескія напевы”. Галоўная мэта калектыву – захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны сваёй вёскі. Народная песня прыйшла да ўдзельнікаў фальклорнага калектыву “Палескія напевы” з часоў глыбокай старажытнасці. Песенная творчасць в. Новае Палессе жыве, надзейна і беражліва захоўваецца народнай памяццю, перадаецца з пакалення ў пакаленне. У склад калектыву ўваходзяць адзінаццаць жанчын сярэдняга і сталага ўзросту, якія валодаюць самабытным палескім спеўным стылем з яго своеасаблівым тэмбравым каларытам і характэрным артыкуляваннем. У гэтых якасцях спеву раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, непаўторнасць моўных гаворак Лельчыцкага рэгіёна. Гэта носьбіты мясцовых традыцый, якія з’яўляюцца ініцыятарамі адраджэння народных свят і абрадаў, прыцягваюць да гэтай справы іншых жыхароў вёскі, перадаюць свае веды і ўменні малодшаму пакаленню. Песенная культура Гомельскага Палесся выяўляецца ў перавазе і асаблівым развіцці асобных песенных жанраў і жанрава-тэматычных груп, у лакальным асэнсаванні агульнабеларускіх песенных жанраў. Яны ж праяўляюць сябе у характары мелодый песень, якія бытуюць у розных кутках рэгіёна, асаблівасцях інтаніравання, у традыцыях гуртавога і адзіночнага спявання, народнай тэрміналогіі. Цэласная карціна народнапесеннай культуры Гомельскага Палесся раскрываецца ў сукупнасці больш дробных лакальных культур, сярод якіх вылучаецца традыцыя Тураўшчыны, у прыватнасці, той яе часткі, якая месціцца ў басейне рэк Сцвігі і Убарці, і ў якую уваходзіць Лельчыцкі раён, прадстаўлены ў гэтым зборы песеннай творчасцю в. Новае Палессе.