Шыфр
411Г000437
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 1
Датаванне
першая палова ХVIII стагоддзя
Стыль
Віленскае барока з элементамі класіцызму
Апісанне
У 17 ст. у Навагрудку быў заснаваны кляштар дамініканцаў. У 1624 г. (па іншых звестках у 1623 г.) віленскі ваявода К. Хадкевіч даў дамініканцам пляц, дом, пабудаваў драўляны касцёл св. Яцака. Драўляны касцёл згарэў у 2-ой палове 17 ст. Мураваны касцёл узведзены ў 1724 г. Меў памеры 20х14 саж. Уяўляў сабой трохнефную базіліку. Цэнтральны неф (даўжэйшы за бакавыя) перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках, бакавыя -- крыжовымі. Галоўным паўночна-ўсходнім фасадам ён павернуты да плошчы, а магутным паўкрыжжам алтарнай апсіды на паўднёвы-захад.У 1751 г. пад час вялікага пажару ў горадзе касцёл згарэў. Відаць, аднаўленчыя работы патрабавалі значных выдаткаў і расцягнуліся на доўгі час, бо ў інвентары 1796 г. яшчэ запісана, што сцены ўсе пашкоджаны пажарам, гонтавы дах патрабуе значнага рамонту. Вежы, карнізы і тынкоўка пападалі ад пажару. Не выключана, што найперш вяліся работы ўнутры храма. Як сведчыць інвентар 1804 г., к таму часу касцёл быў адрамантаваны, дах перакрыты гонтай. У сцяну касцёла былі ўмураваны чатыры мармуровыя надмагільныя камяні: Феліцыяна Чачота 1783 г., Андрэя Духновіча 1786 г., Рудзіньскай 1774 г., Якуба Пульяноўскага 1777 г. Асвячоны нанова ў 1805 г. У інвентары 1820 г. паведамляецца, што на фасадзе касцёла быў жалезны крыж і па баках 4 драўляныя вазы, пафарбаваныя ў цёмны колер. Паводле інвентара 1828 г., франтон касцёла "структуры італьянскай" быў перароблены, "пад ім" устаноўлены тры драўляныя статуі - св. Архангела Міхаіла, св. Фларыяна, св. Алены, а пасярэдзіне жалезны крыж. Інвентар 1830 г. удакладняе, што касцёл структуры дарычнай, на фасадзе тры статуі. У адноўлены пасля пажару 1751 г. касцёл вялі двайныя дзверы, пафарбаваныя ў белы колер, з прытвора ў залу - двайныя светла-блакітныя дзверы. Пры ўваходзе існавалі хоры і арган на 11 галасоў. У храме меліся галоўны алтар мураваны і 9-11 бакавых алтароў. Калоны галоўнага алтара тасканскага ордэра былі пафарбаваны ў светла-блакітны колер, у цэнтры змешчаны абраз св. Міхаіла, напісаны на халсце ў пазалочанай раме, на другім ярусе абраз св. Яцака круглай формы. Над алтаром размяшчаўся герб фундатара ў кароне з гіпса.