зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Падмуркі комплексу будынкаў

Шыфр

712Г000237

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

г. Мінск, Цэнтральны раён, пл. Свабоды, 19-21

Датаванне

ХVIII - ХІХ стст.

Апісанне

Плошча Свабоды - знамянальнае месца, з якім звязана гісторыя Мінска ўжо каля 500 гадоў. Яна ўзнікла ў 16 ст. як новы адміністрацыйны, гандлёвы і культурны цэнтр горада. Пасля рэформы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Вялікага княства Літоўскага (1564-1566 гг.) Мінск стаў адміністрацыйным цэнтрам самага вялікага ваяводства, у склад якога ўвайшлі каля 60 гарадоў і мястэчак. З 1581 г. ў Мінску раз у два гады праходзілі пасяджэнні Галоўнага трыбунала ВКЛ. Горад хутка рос, пашыралася яго тэрыторыя, актыўна развіваўся гандль. Пасля пажару 1547 г., які знішчыў фактычна ўсю забудову на замку, было вырашана перанесці адміністрацыйны цэнтр на новае месца - сучасную пл. Свабоды. Планіроўка новага горада вылучалася ўмелым выкарыстаннем старой горадабудаўнічай структуры і ўсіх асаблівасцяў ландшафта. У цэнтры была запланавана вялікая для таго часу прамавугольная плошча 220х140 м, на якую зыходзіліся асноўныя вуліцы. Плошча называлася Новы рынак, Высокі рынак, Высокая плошча, часам Верхні рынак, Саборная плошча. У цэнтры плошчы была пабудавана ратуша і гасціны двор. Па перыметры - манументальныя будынкі ўніяцкіх, бернардзінскіх, дамініканскага кляштара, дамы шляхты і заможных гараджан.

 Дом 19 быў двухпавярховы з высокiм цокальным паверхам, складанай, няправiльнай у плане формы. З заходняга боку яго агiнала галерэя-тэраса, пад якой размяшчалiся складскiя i гандлёвыя памяшканнi. Сцены былі прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З боку ўнутранага двара на ўзроўнi 2-га паверха праходзiла вонкавая галерэя, на якую вяла лесвіца з ажурнай літой агароджай. 

Дом 21 быў трохпавярховы, у плане меў форму няправiльнага чатырохвугольнiка. Часткаю дваровага фасада прымыкаў да дома № 19. Галоўным фасадам быў арыентаваны на плошчу. У цэнтры галоўнага фасада існаваў неглыбокi рызалiт, завершаны трохвугольным шчытом з круглай люкарнай, над уваходам ступеньчаты карніз. Сцены першага паверха былі руставаныя, аддзеленыя ад астатняй плоскасці карнізам. Аконныя праёмы былі невялікія, прамавугольныя. Бакавы фасад па вуглах быў умацаваны руставанымі лапаткамі. Будынкі разабраны, захаваліся рэшткі падмуркаў у зямлі.