610Г000466_4
Шыфр
610Г000466
Дадзеная каштоўнасць мае ў комплексе некалькі аб'ектаў
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1582 - 1583 гг. - пач. XVII ст.
Стыль
Элементы розных стылявых накірункаў: рэнесанса, барока, класіцызму, неаготыкі
Гісторыя ўзнікнення і будаўніцтва палацавага ансамбля ў Нясвіжы цесна звязана з гісторыяй роду Радзівілаў, якія валодалі горадам з 1513 г. Вядома, што яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. у Нясвіжы існаваў невялікі драўляны замак. У выніку падзелу маёмасці паміж сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага (1515–1565) Нясвіж перайшоў ва ўладанне старэйшага сына Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі (1549–1616). Апошні вырашыў надаць гораду выгляд “ідэальнага места”, і тым самым падкрэсліць свой высокі статус як гаспадара. Гэтаму спрыяла і ўтварэнне Нясвіжскай ардынацыі – уладання, якое магло перадавацца толькі прадстаўнікам роду Радзівілаў і не пераходзіла ва ўласнасць іншых фамілій. М.К. Радзівіл Сіротка стаў першым нясвіжскім ардынатам.
Нясвіжскі замак-палац з абарончымі збудаваннямі, частка палацава-паркавага ансамбля – адзіны бастыённы замак, які захаваўся ў Беларусі. Для гісторыі архітэктуры і горадабудаўніцтва палацава-паркавы комплекс уяўляе сабой выключны выпадак – на працягу 400 гадоў культурны ландшафт, планіроўка, архітэктурныя збудаванні не зазналі істотных змен. Гэта адзін з чатырох аб’ектаў на тэрыторыі нашай краіны, якія ўнесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У 1993 г. быў утвораны музей-запаведнік “Нясвіж”, пасля чаго пытанне аб рэстаўрацыі і музеефікацыі палаца набыло асаблівую актуальнасць.
У сучасным архітэктурным выглядзе ў асноўным захаваліся тыя рысы, якія палацавы ансамбль набыў у выніку аднаўленчых работ сярэдзіны XVIII і канца ХІХ стст.: комплекс з некалькіх будынкаў, звязаных у адно цэлае галерэямі, дамінантамі якога з’яўляюцца высокія вежы з васьмерыковымі апошнімі паверхамі і шатровападобнымі купаламі. Сцены пераважна пабудаваны з матэрыялаў XVI–XVIII стст.
Палацавы ансамбль роду Радзівілаў фарміраваўся на працягу некалькіх стагоддзяў – з канца XVI – да канца ХІХ стст. Асноўныя будаўнічыя работы прыпадаюць на мяжу XVI–XVII і сярэдзіну XVIII стст. Як вынік, у архітэктуры помніка прысутнічаюць рысы розных стыляў: рэнесанса, барока, класіцызму, неаготыкі.
Нясвіжскія паркі і ставы – каштоўны помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Былі створаны прадстаўнікамі знакамітага роду Радзівілаў. Адметнымі асаблівасцямі паркаў з’яўляюцца ўдала размешчаныя паляны, алеі, своеасабліва высаджаныя групы дрэў, падабраныя па афарбоўцы лісця, форме кроны, вышыні і іншых прыкметах. Спалучэнне невялікіх груп дрэў (курцін), падбітых кустамі, з прасторнымі палянамі стварае непаўторныя па прыгажосці пейзажы. Курціны аднапародных груп дрэў добра спалучаюцца з курцінамі са змешаных парод. Адметнай рысай паркавага комплексу з’яўляюцца шырокія алеі, абсаджаныя дрэвамі аднаго віду. Асноўныя віды дрэў і кустоў у парках – вольха, ясень, клён, ліпа, вярба, елка, глог, спірэя, бузіна і інш. З інтрадукаваных драўнінна-хмызняковых раслін можна назваць елку Энгельмана, піхту аднакветкавую, сасну Веймутава, клён ясенялісты, клён-явар, барбарыс Тумберга, айву японскую, чаромху віргінскую. Неад’емнай кампазіцыйнай часткай паркаў з’яўляюцца ставы Дзікі, Замкавы і Бернардзінскі, утвораныя на р. Уша.
Нясвіжскі паркавы комплекс мае навуковае і практычнае значэнне. Іх згадвалі многія аўтары канца ХІХ – ХХ ст., якія пісалі пра Нясвіж і палацава-паркавы ансамбль. У першую чаргу, яны адзначалі прыгажосць паркаў, агульныя планіровачныя рашэнні, паркавыя насаджэнні. Навуковае вывучэнне паркаў пачалося пасля Вялікай Айчыннай вайны ў сувязі з прыстасаваннем Нясвіжскага замка пад санаторый. Адначасова прадугледжваліся аднаўленчыя работы ў парках. У 1950 – пачатку 1960-х гадоў вывучэннем паркаў у Нясвіжы займаліся архітэктары і навукоўцы І.Рудэнка, М.Юруць, Я.Іванова, супрацоўнік санаторыя Г.Лістапад. У 1970-я гг., 2004 г. нясвіжскія паркі даследаваў і апісаў В.Г.Анціпаў. У 1976, 1977, 1980, 1986, 1989, 1998, 1999, 2005, 2010 гг. А.Т.Федарук даследаваў планіровачныя, стылявыя і кампазіцыйныя асаблівасці, відавы склад паркаў.
Абавязковаму захаванню падлягаюць закладзеная ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. планіровачная структура паркаў (асноўныя алеі, паляны, курціны, баскеты, вадаёмы), асноўны відавы склад драўнінна-кустовых парод, малыя архітэктурныя формы (у Старым парку памятныя камяні ў гонар Марыі Дароты дэ Кастэлян, з нагоды закладкі конскакаштанавай алеі, прысвечаны першаму дрэву на тэрыторыі парку, Студня Ундзіны, адноўлены помнік вернаму сабаку; у Новым парку абеліск з датай заснавання парку), уваходныя брамы з вартоўнямі ў Старым і Новым парках.
610Г000466_4
610Г000466_1
610Г000466_2
610Г000466_3
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён