Шыфр
412Г000212
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1779 г. - пачатак 80-х гг. XVIII ст.
Стыль
Барока, класіцызм
Палацава-паркавы комплекс у Свяцку размешчаны ў наваколлі г. Гродна, ў 20 км на паўночны-захад ад яго, у жывапіснай мясцовасці, недалёка ад левага берага р. Нёман. Па меркаванню вядомага даследчыка архітэктуры У. Чантурыя, свяцкі палац з'яўляецца "лепшым узорам палацавай архітэктуры пераходнага тыпу ад барока да класіцызму ў Беларусі". Маёнтак Свяцк яшчэ ў 16 ст. належаў роду Валовічаў, але пазней быў падзелены на некалькі больш дробных гаспадарак. Прыкладна ў другой палове 18 ст. Юзаф Валовіч, атрымаўшы ў спадчыну адну з гэтых частак, выкупіў астатнія ў сваіх братоў Станіслава і Міхаіла і аб'яднаў маёнтак у адно цэлае. Пасля смерці Юзафа Валовіча ў 1779 г. маёнтак Свяцк перайшоў у спадчыну старэйшаму сыну Антонію, на той час камергеру каралеўскаму, затым сенатару-кашталяну Каралеўства. Ён пашырыў свае ўладанні, купіўшы яшчэ некалькі фальваркаў і закончыў будаўніцтва палаца ў Свяцку, закладзенага, відаць, яшчэ яго бацькам. Пры Антоніі Валовічы Свяцк стаў адной з найбольш прыгажэйшых і багацейшых рэзідэнцый на гродзенскай зямлі.
Палацава-паркавы комплекс складаецца з палаца, аб'яднанага галерэямі з двума бакавымі флігелямі, капліцы, гаспадарчых пабудоў, парку. Дамінантай усяго комплексу з'яўляецца палац. Палац (цэнтральны корпус) -- мураваны прамавугольны ў плане двухпавярховы з падвалам будынак, накрыты высокім мансардавым дахам. Фасады патынкаваныя. Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычная. Галоўны фасад вылучаны 3 рызалітамі.
Капліца -- кампактнае прамавугольнае ў плане з дзвюмя бакавымі прыбудовамі збудаванне, накрытае высокім двухсхільным дахам. У цэнтры галоўнага фасада размешчаны спічасты у прафіляваным абрамленні праём увахода, абапал якога спічастыя аконныя праёмы таксама ў прафіляваных абрамленнях. Пад капліцай знаходзіцца склеп-крыпта, перакрытая цагляным скляпеннем. Уваход у склеп з боку тыльнага фасада.
Гаспадарчы комплекс сядзібы складаўся з некалькіх будынкаў. Захаваўся толькі будынак склада (першапачатковае прызначэнне не вядома).
Парк пейзажнага тыпу закладзены адначасова з палацам. Плошча складае каля 12 га. Уключае пладовы сад. Аснову паркавых пасадак складаюць мясцовыя пароды дрэў (клён, ясень, ліпа). У планіроўцы добра захавалася ўязная алея, якая плаўна выгінаецца ўздоўж сядзібы, праходзіць каля партэра і далей вядзе да гаспадарчага комплекса. Парадны партэр даволі вялікі ў форме авала. Да яго па восі прымыкае цэнтральны вадаём з лінейнай абсадкай ясеня ўздоўж берага. Сістэма штучных вадаёмаў даволі развітая, складаецца з чатырох сажалак, аб'яднаных пратокамі. У апошні час парк значна перапланаваны. Малыя архітэктурныя формы не захаваліся.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён