Шыфр
611Г000467
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Датаванне
ХVІІ ст.
Апісанне
Адной з найбольш велічных магнацкіх рэзідэнцый на землях Вялікага княства Літоўскага з’яўляўся радзівілаўскі Нясвіж, а ў яго межах асаблівае месца належала палацава-паркаваму комплексу Альба. Ад XVI да сярэдзіны XX стагоддзя Альба была ў валоданні роду Радзівілаў і прадстаўляла сабой выдатны прыклад эвалюцыі ад рэнесанснай вілы з італьянскім паркам да барочнага палаца з французкім паркам і паркам-звярынцам з разлеглай ландшафтнай кампазіцыяй, з адмысловай сістэмай каналаў і ставоў. Найбольшую ролю ў фарміраванні адметнага комплексу адыгралі Радзівілы Мікалай Крыштоф Сіротка, Міхал Казімір Рыбанька і Кароль Станіслаў Пане Каханку. На тэрыторыі Альбы ўзніклі дзясяткі аб’ектаў, сярод якіх асабаліва вылучаліся палац, Эрэмітэрыум, галандэрня, купальня, памаранчальня, фігарня, манументальная альтана з павільёнамі ў выглядзе сялянскіх хатак.
Парк “Альба” займае плошчу 409 га. Звязаны з г. Нясвіжам галоўнай пад’язной алеяй (дарога Н9316), якая з’яўляецца працягам вул. К.Лібкнехта. Алея – адна са старэйшых у Беларусі, мае даўжыню больш за 2 км, у абсадцы ў асноўным выкарыстаны клён, ліпа, ясень, адзінкава сустракаецца дуб. Узрост дрэў вагаецца ад 100 да 200 гадоў.
Цяпер тэрыторыя парку з’яўляецца суцэльным лясным масівам, аснову насаджэнняў якога складаюць граб, ясень, дуб, бяроза і іншыя ліставыя пароды дрэў, у паніжанай частцы парку пераважае чорная алешына. У раёне круглага возера з востравам лясны масіў складаецца ў асноўным з елкі звычайнай. У лесапарку налічваецца больш за 30 пародаў дрэў і кустоў. Пасадкі паркавага тыпу ( каля 80% ) адносяцца да больш позняга часу, галоўным чынам пасляваенныя. Яны прадстаўлены як змешанымі, так і чыстымі хваёвымі групамі (мясцовыя пароды елкі, сасны, сасны Банкса).
Парк мае арыгінальную водную сістэму, якая складаецца са ставоў і каналаў. У апошнія гады адноўлены тры ставы, якія паслядоўна злучаны паміж сабой шлюзамі. Знаходзяцца ў паўднёва-ўсходняй частцы парку. Астатнія ставы высахлі і зарастаюць.
Пастановай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 08.05.2007 № 47 лесапарк Альба быў аб’яўлены батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.