Шыфр
411Г000404
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, г. Навагрудак, вул. Малы Замак
Датаванне
ХIII - ХVІ стст.
Апісанне
Старажытны замак у Навагрудку з'яўляецца ўнікальным помнікам абароннага дойлідства эпохі сярэднявечча.
У 1920-ыя гады польскія даследчыкі праводзілі тут рэстаўрацыйна-кансервацыйныя і археалагічныя работы. У выніку была ўстаноўлена лінія замкавых сцен, знойдзены рэшткі дзвюх дарожных веж і адкрыты фундаменты некаторых будынкаў на дзядзінцы.
Старажытнейшай мураванай вежай Навагрудскага замка з'яўляецца вежа-данжон, пабудаваная ў XIII ст., верагодней за ўсё, у другой яго палове. Шурф, закладзены з усходняга боку вежы, адкрыў яе старажытную каменную сцяну, якая на вышыні 4 м ад цокаля фундамента як бы коса ссечана. У канцы XIV ст. вежа была адбудавана (пасля разбурэння), але ўжо не з каменю, а з цэглы. Вежу ўзвялі на руінах папярэдняй у традыцыйнай тэхніцы лусковай муроўкі і зрабілі ў ёй праязную браму. Такая пабудова была характэрна для еўрапейскага абарончага дойлідства XIV ст. Па форме вежа нагадвала чатырохкантовую прызму, якая паступова звужалася і патанчалася на конус. Тоўшчу сцен вежы праразалі байніцы спічастых абрысаў, а ўнізе - праёмы замкавай брамы.
Гэта вежа вядома ў гістарычнай літаратуры пад назвай Шчытовая, Шчытоўка і Цэнтральная.
У тоўшчы паўднёвай сцяны Шчытоўкі ішла ўгору мураваная лесвіца. Сляды яе захаваліся і ва ўсходняй сцяне вежы на ўзроўні чацвёртага і пятага паверхаў.
У канцы XIV - пачатку XV ст. у Навагрудскім замку распачаліся вялікія будаўнічыя работы. Узвядзенне замкавых муроў у Навагрудку праходзіла ў некалькі этапаў.