Шыфр
113Г000056
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, Баранавіцкі раён, хутар Завоссе, Брэсцкая вобл., Баранавіцкі раён, в. Завоссе (за 4 км. на поўнач ад в. Мядзеневічы)
Датаванне
ХVIII ст.
Апісанне
Былы фальварак Завоссе, што за 4 км на поўнач ад вёскі Мядзеневічы, лічыцца месцам нараджэння славутага польскага пісьменніка Адама Міцкевіча (1798-1855). У 1799 г. яго бацькі атрымалі ў спадчыну частку фальварка Завоссе і пражылі там да 1801 г. Тут паэт правёў два гады дзяцінства, пазней неаднаразова наведваў родны кут. Бытуе легенда, што на адным з каменняў Адам Міцкевіч выбіў крыж у гонар свайго безадказнага кахання да Марылі Верашчакі, які і зараз ляжыць ля хутара. У 1927 г. на месцы фальварка Завоссе пастаўлены абеліск. Славутая для польска-беларускай культуры мясціна знайшла адлюстраванне ў творах мастакоў (Н. Орда, Т. Абміньскі, Е. Паўловіч). Мемарыяльны комплекс вырашаны ў традыцыях народнага дойлідства, уключае сядзібны дом, лямус, абору, склеп, гумно,калодзеж.
Невялікі панскі двор, які існаваў тут да першай сусветнай вайны, нельга аднесці да манументальных архітэктурных твораў. Гэта была звычайная дробнапамесная сядзіба з традыцыйным наборам драўляных, абкружаных жардзінным плотам пабудоў: дом гаспадароў, свіран, лямус. Дом уладароў уяўляў сабой працяглы па фронту неашаляваны зруб, накрыты вальмавым саламяным дахам і вылучаны па цэнтры двухслуповым ганкам. Дом быў на дзве паловы з сенцамі пасярэдзіне. Лямус - традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух'яруснага зруба пад вальмавым дахам, які накрываў трохслуповую галерэю з франтальнага боку. Тут схоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, харчовыя прыпасы. Другі ярус нярэдка служыў летнім мезанінам, у якім у час летніх вакацый любіў адпачываць паэт.