зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Сядзібна-паркавы комплекс: сядзібны дом; флігелі; гаспадарчыя пабудовы; парк

Сядзібна-паркавы комплекс: сядзібны дом; флігелі; гаспадарчыя пабудовы; парк

Змест

Звесткі аб каштоўнасці

Шыфр

612Г000375

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Мінская вобласць, Мінскі раён, аг. Сёмкава, с/с Папярнянскі

Датаванне

др. пал. XVIII ст.

Апісанне

 Маёнтак Сёмкава Міхал Антоній Сапега падарыў у 1755 г. свайму  сябру Адаму Хмары. У 1775-1780 гг. на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Сёмкава, на узвышшы каля берага ручая быў пабудаваны прыгожы палацава-паркавы комплекс, які стаў аб'ектам захаплення і нават зайдрасці. У адпаведнасці з часам рэзідэнцыя будавалася ў пераходным ад барока да класіцызму архітэктурным стылі і мела традыцыйную планіроўку. Будаўнічыя арцелі былі запрошаны са Шчорсаў і Слоніма. На жаль, першапачатковыя інтэр'еры палаца не захаваліся. Вядома, што яны вызначаліся раскошай і вытанчанасцю. Гасцей уражвалі каміны з чорнага мармуру, ляпніна з раслінным арнаментам, з густам падабраная мэбля, прывезеная з Заходняй Еўропы. Асаблівым гонарам гаспадароў была каштоўная калекцыя айчынных і замежных твораў выяўленчага мастацтва, шматтомная бібліятэка. Палац і бакавыя флігелі стваралі паўадкрыты парадны двор (40х60 м). З боку ўезда двор быў абгароджаны прыгожай ажурнай рашоткай з брамай, пілоны якой упрыгожвалі вазы. Перад палацам у цэнтры быў традыцыйны партэр авальнай формы. Па перыметры партэр быў абсаджаны ліпамі з шарападобнымі кронамі.Французкі парк, які атачаў сядзібу, меў рэгулярную планіроўку і быў выцягнуты ўздоўж сваёй галоўнай восі больш чым на кіламетр. Да сядзібы вяла ўязная ліпавая алея шырынёй 8 м і даўжынёй каля 600 м. Схілы ўзвышша, на якім знаходзілася сядзіба, былі дэкарыраваны пасадкамі таполі. За палацам схіл быў аформлены ў выглядзе 2 паўкруглых тэрас. З паўночнага боку парк упрытык падыходзіў да берага ручая. З паўднёвага -- пазней быў разбіты пейзажны парк і фруктовы сад. З гэтага боку да сядзібнага комплекса вяла таполевая алея. Парк быў упрыгожаны рознымі архітэктурнымі малымі формамі: альтанкамі, скульптурамі, аранжарэяй.

Апошнім уладальнікам маёнтка Сёмкава стаў Рамуальд Халкоўскі. Трэба адзначыць, што на працягу XIX ст. у сядзібе ніякіх істотных пераўтварэнняў не адбывалася. Толькі была ўзведзена крытая галерэя, якая аб'яднала левы флігель з галоўным корпусам. У гады Вялікай Айчыннай вайны палацу былі нанесены значныя пашкоджанні. У пасляваенны перыяд па рашэнні мясцовых уладаў сядзіба была перададзена школе-інтэрнату. Пры аднаўленні была зменена форма даху на звычайны двухсхільны, правы флігель адкрытай галерэяй злучаны з галоўным корпусам, значна зменена ўнутраная планіроўка. У 1960-80-я гады на тэрыторыі парку актыўна вяліся будаўнічыя работы.

Старонка