Шыфр
212Г000447
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1627 г.
Стыль
Драўлянае дойлідства з элементамі класіцызму
Спаса-Праабражэнская царква ў в. Порплішча – найбольш вядомы і старажытны помнік драўлянага дойлідства. Паводле Актаў Віленскай Археаграфічнай камісіі вядома, што уніяцкая «руская» царква ў гэтым месцы існавала ўжо ў 1627 г.
Вядома, што першая царква ў в. Порплішча была пабудавана на драўляных цвіках, каб пазбегнуць пажару ад навальніцы.
У 1794 г. на яе месцы была ўзведзена новая драўляная царква, якая захоўвала традыцыі беларускага драўлянага дойлідства папярэдняга часу, аднак набыла рысы стылю класіцызму. У др. пал. ХІХ ст. царква была капітальна перабудавана. У 1884 г. была прыбудавана званіца.
Будынак царквы - крыжова-купальны, выцягнуты па падоўжнай восі. Чатыры зрубы ўтвараюць у плане лацінскі крыж, перакрыты двухсхільнымі дахамі, перасячэнне якіх завершана купалам на магутным васьмігранным светлавым барабане. Сферычны купал увянчаны ліхтаром з крыжам. Да галоўнага (паўднёва-ўсходняга) фасада прыбудавана трох'ярусная званіца, ніжні ярус якой служыць бабінцам. Завершана званіца шатровым дахам з крыжам. Сцены царквы ашаляваныя гарызантальна, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах.
Інтэр'ер зальны. У інтэр'еры захаваліся фрагменты разнога драўлянага алтара XVIIІ ст., якія выкарыстаны пры афармленні іканастаса і ківотаў. Разьба іканастаса выканана ў тэхніцы нізкага рэльефу: варыяцыі раслінных парасткаў з букетамі кветак і пладоў, галовак анёлаў, жаночых фігур. Разьбой пакрыты таксама плоскасці філёнгаў, калоны і абрамленні ківотаў.
У царкве маюцца абразы XVIIІ-ХІХ стст.: "Святое сямейства", "Спас", "Маці Божая з дзіцем", "Пакроў", "Мікола Цудатворац", "Архангел Міхаіл", "Архангел Гаўрыіл", "Тайная вячэра" (у невялікім драўляным алтарчыку), алтарныя абразы -- "Іаан Багаслоў", "Укрыжаванне з Маці Божай і Іаанам Багасловам".
На працягу ўсёй сваёй гісторыі існавання царква дзейнічала без перапынку. У 1988 г. праводзіўся капітальны рамонт пабудовы.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён