Шыфр
63АЛ000108
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Апісанне
Самабытнасць спеўнай традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы (Старадарожскі раён) раскрываецца праз непаўторнае жанравае аблічча. У гэтай мясцовасці захаваліся старажытныя напевы каляндарнага (калядныя, веснавыя, жніўныя) і сямейна-абрадавага (вясельныя) цыклаў. Другой асаблівасцю спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляецца раннефальклорнае інтанаванне з характэрным для яго комплексам (тэмбравая напружанасць, максімальны дынамічны ўзровень, спецыфічнае унісонна-гетэрафоннае спалучэнне галасоў). Носьбітамі спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляюцца жыхары вёсак Прусы і Баранава Старадарожскага раёна. Больш шырока дадзеную традыцыю прэзентуюць удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” Баранаўскага сельскага клуба і народнага фальклорнага калектыву "Прусаўчанка" Прускага сельскага дома культуры. Песенная спадчына міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы прадстаўлена як у традыцыйнай стыхійнай форме выканання (у час Вялікадня і Троіцы, провадаў у армію і заручынаў, традыцыйных “бясед”, выканання гаспадарчых прац), так і ў сучаснай канцэртна-арганізаванай форме. Гуртом "Прусаўчанка" адроджаны абрады “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Радзіны”, “Заручыны”. Пераемнасці традыцыі спрыяе дзейнасць дзіцячага фальклорнага калектыву “Пралеска” Прускага сельскага дома культуры. Мясцовая супольнасць паважліва ставіцца да зберажэння і трансляцыі сваёй спеўнай традыцыі, спрыяе яе захаванню і лічыць яе сваёй духоўнай каштоўнасцю.