зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень «у перахлёст»

Апісанне

Спевы ”ў перахлёст“ – гэта самабытная версія антыфонных спеваў, якія ў цэлым з’яўляюцца адной з універсалій сусветнай музычнай культуры. У народнай культуры Беларусі такі спосаб спявання замацаваўся ў паўночным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне – Паазер’і, дзе ён таксама атрымаў назвы ”на дзве (тры) пары“, ”на дзве (тры) змены“,”на два (тры) пункты“, ”з перахватам“, ”песні з адпевам“, ”спяваць у расцяжку“ і інш. Для пяці другіх рэгіёнаў Беларусі аналагічны антыфон не характэрны. Спевы ”ў перахлёст“ адлюстроўваюць этнаграфічную асаблівасць паўночна-заходняга рэгіёну Беларусі, якую вызначае галоўным чынам аднагалоссе ў харавым спеве. Па словах носьбітаў  – ”у перахлёст“ выконваюцца толькі асобныя жніўныя і купальскія песні, многія з якіх не маюць ўзросту, таму што запісаныя ад старэйшых носьбітаў, якія тыя перанялі іх ад сваіх маці і бабуль. Прызначаныя для выканання на адкрытым паветры, яны спяваюцца напружанымі, зычнымі галасамі, строфы заканчваюцца доўгім унісонам. Асаблівасць выканання – калі адную і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак. Песня спяваецца полузакрытым ротам, гук акругляецца. Звычайна існуе адзін напеў, на які распяваецца цэлы шэраг паэтычных тэкстаў. На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў (з 1975 г.) народны фальклорны ансамбль ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ зберагае старадаўнія абрадавыя антыфонныя спевы,  якія ўваходзяць у склад цыкла песень вёсак аднаго стылявога ”куста“: Скавародзіна,  Дразды, Баяноўшчына, Скабы, Пазнякова Палатоўскага сельскага савета Полацкага раёна (былога Юравіцкага сельскага Савета). Вялікі ўнёсак у справу па вывучэнні песеннага фальклору рэгіёну і яго захаванні зрабіла былая кіраўніца калектыва Вера Уладзіміраўна Пісюкова (1936 – 2015г.г.), якая ў свой час пераняла манеру спеваў “у перахлёст” ад сваёй маці. З непасрэдным удзелам Пісюковай В.У. была створана  фанатэка мясцовых абрадавых песень, якая  выкарыстоўваецца ў рэпертуары калектыва. У манеры  “ў перахлёст” гурт аднавіў і спявае пласт жніўных і купальскіх песень. Дзякуючы няспыннай дзейнасці народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага СДК, калектыву работнікаў установы па захаванню рэгіянальных традыцый Полаччыны, спевы ”ў перахлёст“ атрымалі другое жыццё сярод моладзевых фальклорных калектываў г. Полацка і Полацкага раёна, якія ўключылі ў свой рэпертуар песні ў гэтай манеры. Напрыклад, народны вакальны ансамбль”Вясна“ Полацкага каледжа УА ”Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. П.М.Машэрава“,  фальклорны гурт ”Варган“  УА ”Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт“, узорны фальклорны калектыў ”Знічка“ ДУК ”Палатоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа Полацкага раёна“. Носьбіты традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ вызначаюць  яе  як частку мясцовай культурнай спадчыны,  якая  перадаецца  ад  пакалення  да  пакалення,  лічаць яе каштоўнай і вартай захавання