зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі

Апісанне

Спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі прэзентуецца песнямі аграгарадка Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэтыя песні па традыцыі перадаюцца ў спадчыну ад пакалення да пакалення мясцовымі жыхарамі праз многія дзесяцігоддзі. Носьбітамі спеўнага стылю з’яўляюцца жыхары аг. Рычоў старэйшага і сярэдняга пакаленняў, больш шырока прэзентуюць дадзеную традыцыю ўдзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры. Песенная спадчына аграгарадка Рычоў прадстаўлена як у традыцыйнай стыхійнай форме выканання (у час разнастайных свят, традыцыйных “бясед”), так і ў сучаснай канцэртна-арганізаванай форме (канцэртная дзейнасць ансамбля «Дубравіца»). Самабытная мясцовая песенная культура раскрываецца найперш праз шырокую жанравую разнастайнасць. Акрамя жанраў традыцыйнага каляндарна-земляробчага цыклу (калядныя, веснавыя песні), надзвычай поўна прадстаўлены вясельны цыкл, у тым ліку каравайныя песні. З традыцыйных меладыйных стыляў прадстаўлены і адзіночныя, і сумесныя спевы, у сумесных спевах – аднагалосныя ў сваёй аснове формы ўнісонна-гетэрафонных спеваў і формы шматгалосных ў сваёй аснове спеваў з падводкай. Аднагалосныя ўнісонна-гетэрафонныя спевы прадстаўлены песнямі каляндарна-абрадавымі і вясельнымі. Для іх характэрныя формульнасць напеваў, вузкі гукавы дыяпазон, для некаторых таксама наяўнасць рэфрэна – словаў, якія паўтараюцца пасля кожнага радка. Да гэтага ж стылю выканання адносяцца “лесавыя” песні, што выконваюцца ў лесе пры зборы грыбоў, ягад, калі грабуць сена– у адпаведную пору года. Спевы з падводкай прадстаўлены песнямі, якія адносяцца да пазабрадавага жанру. Асаблівасцю спеўнага стылю выканання з’яўляецца яшчэ і тое, што песні спяваюцца сумесна жанчынамі і мужчынамі. Лакальная супольнасць паважліва ставіцца да зберажэння і трансляцыі сваёй спеўнай традыцыі, спрыяе яе захаванню і лічыць яе сваёй духоўнай каштоўнасцю.