Шыфр
413В000556
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
7 тыс. да н. э. - 2 тыс. да н. э
Стаянка Міцькавічы-1 знаходзіцца на паўднёвы захад ад паўднёвай ускраіны вёскі (яе цэнтральнай вуліцы), на правабярэжнай тэрасе Шчары, якая інтэнсіўна падмываецца вадой. Пляцоўка тэрасы, на якой размяшчаецца стаянка, засаджана лесам, раней часткова разворвалася. Паўночна-заходні край помніка інтэнсіўна падмываецца цячэннем ракі. Прыкладныя памеры да 3,0 га. Датуецца перыядам каменнага і бронзавага веку (7-2 тысячагоддзямі да н.э.).
Стаянку выявіў і абследаваў В.Р. Супрун у 1963-1964 гг. У 1976 г. М.М. Чарняўскі сабраў на стаянцы крамянёвыя артэфакты і канстатаваў, што яна моцна пашкоджана цячэннем ракі. У 1985 г. І.І. Падгарадзецкі, а ў 1987 г. Н.В. Шаблюк, абследавалі ваколіцы вёскі і праводзілі зборы пад’ёмнага матэрыялу. Падчас даследаванняў таксама былі выяўлены крамянёвыя артэфакты. У 1997 г. стаянку абследаваў В.Л. Лакіза. На помніку, акрамя крамянёвых прыладаў працы, нуклеусаў, была зафіксавана наяўнасць вялікай колькасці фрагментаў чалавечых костак і гільзы ад патронаў.
Частка выяўленай на помніку калекцыі захоўваеца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя І.І. Стаброўскага. Раскопкі на помніку не праводзіліся.