Шыфр
113Г000709
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Датаванне
1764 г.
Стыль
Рэтраспектыўны "рускі"
Апісанне
Аднапрастольная Свята-Крыжаўзвіжанская царква — твор народнага драўлянага дойлідства; царкоўны пагост акаймаваны агароджай і пасадкамі бярозы і клёна. У свой час Хадкевічы на заходняй ускраіне мястэчка пабудавалі храм у імя святога велікамучаніка і пераможцы Георгія (анёла аднаго з уладальнікаў мястэчка), а на ўсход ад замка на самым узвышаным пагорку — царкву ў імя Святой Тройцы. У XVII ст. Хадкевічы пераходзяць да каталіцызму, праваслаўныя храмы спусташаюцца. Наступны ўладальнік Траян-Пакроўскі паблізу зруйнаванай Троіцкай царквы ўзводзіць кальвінскі збор, перароблены ў наступным у касцёл старадубскім маршалкам Гаўрылам Керло. У 1764 г., па фундацыі віленскага старосты графа Паца будуецца драўляная ўніяцкая Свята-Крыжаўзвіжанская царква, якая пасля пераводу ўніятаў у праваслаўе рэканструявана (1879 г.) у рэтраспектыўна-рускім стылі. Архітэктура насычана розным дэкорам, які ўключае плоскую балюстраду ў цокальнай частцы, карнізы з сухарыкамі і разнымі падзорамі ў завяршэнні гарызантальна ашаляваных сцен, арнаментальныя філёнгавыя лапаткі і аркатурны пояс прытвора. Выкарыстанне і творчае асваенне дэкору з арсенала прафесійнай мураванай архітэктуры ў народным драўляным дойлідстве — характэрная асаблівасць і нацыянальная рыса беларускай будаўнічай культуры. Унутраная прастора малітоўнай залы і апсіды перакрыта шатровым скляпеннем на ветразях. У прытворы на двух слупах размешчаны хоры, да якіх вядзе бакавая двухмаршавая лесвіца. Апсіда вылучана ад малітоўнай залы драўляным іканастасам, створаным у 1870-я гады замест знятага ў 1815 г.
Побач з царквой знаходзіцца пабудаваная ў 1840-я гады драўляная званіца — чатырохслуповае цэнтрычнае народна-этнаграфічнае збудаванне, накрытае пакатым шатровым дахам.