Шыфр
212Г000086
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Віцебская вобласць, г. Віцебск, вул. Талстога
Датаванне
1772 г.
Стыль
Позняе барока
Апісанне
Першыя звесткі аб існаванні праваслаўнай Уваскрасенскай Рынкавай царквы адносяцца да XVI ст. На ўкладным лістку ў Чатырохевангелле XVI ст., якое захоўваецца ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы, ёсць запіс: «Василие и Симеоне Сисцче, мещане витебские на церковь Рынковую Воскресения Христова в Витебску стоячую, року тысяча пятьсот пятьдесят осмого на честь и хвалу Господу Богу вечными часы».
Уніяцкая Уваскрасенская царква адыгравала важную ролю ў ансамблі Рынкавай плошчы. Храм арыентаваўся алтаром на поўнач, а галоўным фасадам, як і ратуша, - да Віцьбы. На яе месцы раней стаяла драўляная праваслаўная, таксама Уваскрасенская царква. Прыгожы гмах у стылі позняга барока вызначаўся маляўнічым сілуэтам, плаўнымі абрысамі вежаў і франтонаў, вертыкалізмам прапарцыянальнага ладу. Храм меў паўкруглую апсіду з рызніцамі па баках, якія надавалі плану прамавугольную форму. Вышэй рызніц уздымалася светлавая апсіда алтара, завершаная выгнутым фігурным атыкавым франтонам. Дзвюхвежавы галоўны фасад вылучаўся складанай хвалістай паверхняй, якая стваралася дынамічнай групоўкай моцна выцягнутых вертыкальных ордэрных элементаў. Пластыка фасадаў узбагачалася дугападобнымі лініямі карнізаў, ажурнымі вежамі з фігурнымі купалкамі, дынамічным разваротам карынфскіх калон па вуглах выступаючага нартэкса. Зараз Уваскрасенская царква адноўлена ў сваім першапачатковым выглядзе.
У 1936 г. царква знішчана. У верасні 2001 года пачаліся будаўнічыя работы па аднаўленні храма, завершаныя ў 2009 годзе. 5 мая 2009 года на званіцы былі адноўлены званы. Да адкрыцця храма былі зроблены іконы і іканастас. Першая Боская Літургія ў адноўленым храме адбылася 10 ліпеня 2009 г. Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Філарэтам. 28 верасня яго наведаў Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. У храме Свяцейшы Патрыярх падпісаў антымінс і паднёс у дар абраз Багародзіцы.