зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыя бытавання народнага лялечнага тэатра (Мірская батлейка)

Апісанне

Народны лялечны тэатр “Батлейка” у г.п. Мір функцыянуе з 1989 года і па сённяшні дзень. Месцазнаходжанне тэатра таксама не змянілася, гэта ўстанова адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”. Першыя гады існавання тэатра (перыяд з 1989 года па 1997 год) былі прысвечаны аднаўленню і папулярызацыі самой з’явы лялечнага тэатра батлейка. Ствараліся батлеечныя скрыні, майстраваліся лялькі, якія вырабляліся ў традыцыйнай манеры: драўлянай загатоўцы прыдавалася форма цела, затым падбіралася тканіна для пашыву адзення лялькі, прычым вельмі важна было ўлічваць колер, аздабленне якія суадносіліся з ролевай значнасцю персанажа. Затым на ляльцы прамалёўваўся твар, а то і сама лялька фарбавалася ў адпаведны колер у залежнасці ад характару персанажа. Усе лялькі мелі  шпень – драўляны альбо металічны стрыжань, з дапамогай якога батлеечнік “вадзіў” ляльку, так мовіць, “ажыўляў” персанаж. Тэатр ладзіў калядныя прадстаўленне - дзею “Цар Ірад” і традыцыйныя побытавыя сцэны. У 1997 годзе тэатру нададзена найменне “народны” лялечны тэатр “Батлейка” ўстановы адукацыі “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”. 

З 1997 года па 2010 год удзельнікі тэатра стварылі і прадставілі цыкл батлеечных інтэрмедый “Радзівіліяда”: “Мара”, “Міракль аб Уршулі”, “Як Аня імя шукала”, “Чароўная крыніца”, “Ад Рыма да Міра”, “Гусіная песня”, “Італьянскі сад”. Гэтымі творамі батлеечны тэатр зрабіў вельмі ўдалую спробу прадставіць традыцыі школьнага тэатра Каятана Марашэўскага, які існаваў ў 18 стагоддзі у Забельскай дамініканскай калегіі, што на Полаччыне. Менавіта ў такіх тэатрах пачалося нараджэнне свецкага тэатру на тагачасных беларускіх землях, у якім назіраўся адыход ад кананічнага маралітэ і свабодная трактоўка духоўных твораў у п’есах, што пісаліся выкладчыкамі гэтых адукацыйных устаноў для пастаноўкі са сваімі студэнтамі ці шкалярамі.

З 2011 года і па цяперашні час тэатр “Батлейка” працуе над рэканструкцыяй прадстаўленняў мясцовай батлеечнай дынастыі Сілко, якая існавала ў канцы XIX і на пачатку XX стагоддзяў.

Нягледзячы на творчую дзейнасць тэатра на працягу доўгачасовага тэрміну, сувязь паміж носьбітамі і выканаўцамі, якія ўжо не пражываюць на тэрыторыі г.п. Мір, не прыпынялася.

Шматгранная работа ў лялечным тэатры “Батлейка” заўсёды была накіравана на тое, каб вярнуць старадаўняму мястэчку Мір адну з яго адметных культурных рысаў - менавіта традыцыю мясцовых батлеечных прадстаўленняў. 

Па сённяшні дзень прадстаўленні ладзяцца перш за ўсё на тэрыторыі самога г.п. Мір і, як і раней, па даўнейшай батлеечнай традыцыі, праходзяць у час ад каталіцкага свята Раства Хрыстова да праваслаўнага свята Вадохрышча. Звычайна батлеечныя прадстаўленні праводзяцца ў памяшканні гарадской бібліятэкі г.п.Мір, (пабудова канца XIX стагоддзя) ці ў тэатральнай зале Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. За некалькі дзён да прастаўлення запрашаюцца ўсе жадаючыя жыхары Міра і ў азначаны дзень адбываецца прадстаўленне. Ладзяцца выступленні тэатра і ў г.п. Карэлічы Гродзенскай вобласці, і ў г. Нясвіжы Мінскай вобласці. Апошнім часам народны лялечны тэатр “Батлейка” актыўна бярэ ўдзел у Міжнародным конкурсе батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” (г. Мінск).

Прадстаўленне пачынаецца з заходу батлеяў з традыцыйным прашэннем дазволу ў “гаспадара”, “гаспадыні” і “радзіны”. Затым пяецца віншавальны мясцовы калядны спеў (“А на небе месяц ды зоры…”) і пачынаецца прадстаўленне. Пасля прадстаўлення віншуюцца прысутныя другім мясцовым калядным спевам (“Хрыстос нарадзіўся! Алілуя!”). Сама батлеечная дзея ўяўляе сабой рэканструяванае батлеечнае прадстаўленне “Цар Ірад”з рэпертуару мясцовых батлеяў Сілко ў характэрнай вершаванай форме. Віншавальныя канты па традыцыі запяваюцца старшым батлеем і падхопліваюцца астатнімі батлейшчыкамі ды прысутнымі.

Для ўдзельнікаў батлейкі гэтыя прадстаўленні з’яўляюцца не проста святочнымі прэзентацыямі. Кожны з носьбітаў батлеечнага мастацтва у той ці іншай ступені ўсвядомлівае сваю дзейнасць як захаванне адметнасці і своеасаблівасці народнай культуры Карэліччыны і Міра канкрэтна.

Сёння і мясцовая супольнасць, уключаючы праваслаўную і каталіцкую абшчыны, лічыць прадстаўленні батлейкі ў Міры  неад’емным элементам святочных калядных дзён, знакам вяртання да духоўнай спадчыны продкаў.

Рэканструктарская дзейнасць тэатра прадстаўлялася на рэгіянальным фестывалі “Чароўны свет батлейкі” (аг. Залессе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці), міжнародным фестывалі “Нябёсы” (г. Мінск). Праект рэканструкцыі мясцовай батлейкі братоў Сілко стаў фіналістам (шорт-ліст) конкурсу беларускага камітэта ICOMOS “Спадчына ў дзеянні” ў 2019 годзе. Калектыў мірскай батлейкі браў удзел у заключных мерапрыемствах абласнога моладзевага праекта “Казкі і паданні майго краю” (г. Гродна, 2021 г.) 

Рэканструктарская дзейнасць тэатра прадстаўлялася на міжнароднай навукова – практычнай канферэнцыі “Педагагічныя і псіхалагічныя пытанні полікультурнага выхавання навучэнскай моладзі” (Мінск, 2018г.), міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мір на скрыжаванні нацыянальных культур: мінулае і сучаснасць” (Мір, 2019г.), міжнароднай навукова – практычнай анлайн-канферэнцыі “Інструментарый выхаваўчага працэса:рэалізацыя творчых і сацыяльна-значных праектаў” (пляцоўка Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, 2020г.)

Тэатр ладзіць майстар-класы батлеечнага майстэрства, удзельнічае ў калядных дабрачынных мерапрыемствах як у Карэліцкім раёне, так і за яго межамі.

Прэзентацыя батлеечнага майстэрства і асаблівасцей батлейкі з Міра, нават калі праходзіць не ў калядную пару, заўсёды ідзе з тлумачэннем менавіта традыцыйнага характару гэтага мастацтва, яго сакральнай, евангельскай асновы, структуры традыцыйнага батлеечнага прадстаўлення, якія не дазваляюць пераўтварыць батлеечны тэатр у звычайную лялечную дзею.

Таксама батлечнікі перадаюць сваю справу ўсім, хто гэтага жадае. Так праводзіліся заняткі па вырабу батлеечных скрынь і батлеечных лялек для педагогаў дадатковый адукацыі Брэсцкай і Мінскай абласцей, традыцыйна дзяліліся прыёмамі ваджэння лялек, работы з тэкстамі з удзельнікамі “Школы батлейкі”, якая ладзілася штогод у Мінску. Удзельнікі батлейкі непасрэдна ў пасёлку Мір працуюць з педагогамі і выхаванцамі дзіцячага садка, перадаючы ім батлеечнае майстэрства.