Шыфр
13АК000124
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Апісанне
Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з яе практыкай прылады і іншыя прадметы.
Па словах носьбітаў, тэхналогія нарыхтоўкі рыбы праз сушку ў печы на тэрыторыі Бярозаўскага раёна бытавала здаўна. Такі сапосаб дазваляў атрымаць і спажываць карысныя і высакаякасныя рыбныя прадукты і стравы ў хатніх умовах, паколькі робіць рыбу амаль цалкам прыдатнай да ўжывання. Рыбныя стравы не проста папаўнялі паўсядзённы рацыён, а складалі яго аснову, таму рыбу заўсёды назапашвалі дастаткова многа, што дазваляла выжываць вялікім сялянскім сем’ям у перыяды сацыяльнага бязладдзя і (ці) ў гады ваенных узрушэнняў. Таму веды, навыкі па прыгатаванні рыбы захоўваліся з неабходнай дбайнасцю, перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Спосаб нарыхтоўкі рыбы шляхам працяглай сушкі на саломе ў разагрэтай печы і прыгатаванне разнастайных страў на яе аснове і да сённяшняга дня актыўна практыкуецца ў вёсках усходняй часткі Бярозаўскага раёна. Гэта традыцыя не перарывалася. Як і раней, да яе маюць дачыненне гаспадары (ці адзін з іх) амаль кожнай хаты: ловяць рыбу, сушаць у печы, гатуюць з яе стравы. Звычайна гаспадыні, якія перанялі веды і ўменні ад сваіх матуль і бабуль, валодаюць некалькімі відамі пераапрацоўкі свежазлоўленай рыбы. Кожная з іх уносіць свае выбітнасці ў гэты працэс, але аснова тэхналогіі прыгатавання сушанай рыбы застаецца нязменнай.
Мясцовыя гаспадыні ведаюць шмат разнастайных рэцэптаў паўсядзённых рыбных страў: крышаны (суп бульбяны) з сушанай рыбай, капуста (кіслая або свежая) з сушанай рыбай, шчаўе з сушанай рыбай, квас з сушанай рыбай і інш. Абавязкова стравы на аснове сушанай рыбы гатавалі і гатуюць для святочных і абрадавых вячэраў (вяселле, хрэсьбіны, памінкі, Дзяды, Каляды, Вялікдзень) – тушаная ў гаршочку сушаная рыба, квас на Дзяды, скаромны квас, посны квас. Традыцыйна выкарыстоўваюцца прадукты вясковага ўжывання (гародніна і рыба), а таксама пэўныя прылады: нож для ачысткі рыбы, тарка, верацяно, чыгунок ці гліняны гаршчок, качарга, памяло, вілы і інш.
Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і традыцыйныя стравы з яе карыстаюцца вялікай павагай у сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здітава і Хрыса.
Стравамі з сушанай рыбы абавязкова сустракалі і сустракаюць гасцей. Гэта лічыцца ў рэгіянальнай суполцы рысай добразычлівасці, гасціннасці. Да нашага часу сушаная ў печы рыба застаецца асаблівым ласункам у кожнай сям’і, пачастункам і жаданым гасцінцам, а стравы з рыбы на сталах займалі і цяпер займаюць разам з хлебам адно з галоўных месцаў. Такую рыбу выкарыстоўваюць у якасці падзякі за паслугі.
Лоўля рыбы і працэс яе нарыхтоўкі значна паўплывалі на светапогляд і менталітэт мясцовай супольнасці. У рэгіянальным фальклоры рыбная тэма прадстаўлена прыпеўкамі, анекдотамі, вершамі і іншымі малымі формамі вуснай народнай творчасці.
Традыцыя прыгатавання сушанай у печы рыбы беражна захоўваецца мясцовай супольнасцю, перадаецца нашчадкам, як каштоўны складнік рэгіянальнай культурнай спадчыны