зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыя шанавання Святога каменя

Апісанне

Жыхары в. Крамянец называюць камень Святым і ходзяць да яго раніцай у першы дзень Вялікадня, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў, прыносячы дары ў выглядзе традыцыйных абрадавых страў, грошы і інш. Дзве вялікія авальныя лункі на камені называюць “божымі слядамі”, вада ў іх пасля дажджу лічыцца святой, ёю лечацца. Кажуць, што найбольш вада ў іх дапамагае ад хвароб вачэй. Абракаюцца ля каменя ў любы час. Некаторыя ходзяць да яго ў нядзелю, чыста апрануўшыся, як у царкву. Многія, ідучы ў лес і з лесу, пакідаюць ля яго частку назбіраных грыбоў або ягад, кветкі. Цяпер наведваюць падчас сямейных урачыстасцяў – маладыя пасля вяселля, госці імянінніка ў дзень яго нараджэння, у іншых выпадках. У засуху ўдовы выклікаюць дождж, адкаціўшы з-пад каменя каменьчыкі і, падважыўшы камень на вялікіх калах у рост чалавека, пакідаюць іх уваткнутымі ў зямлю пад каменем. Не пазней, як на трэці дзень, пойдзе дождж. Калі ён ужо не патрэбны – калы вынімаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць на месца пад камень. Дадзеная практыка шанавання каменя ў в. Крамянец унікальная для краіны, бо дайшла ў жывой традыцыі да нашага часу. Мясцовая супольнасць лічыць камень сваёй святыняй, старэйшыя жыхары далучаюць да практыкі шанавання дзяцей і унукаў, такім чынам перадаючы традыцыі ў сям’і. Існуе і пераемнасць сярод дарослых жыхароў супольнасці: да каменя пачынаюць хадзіць людзі, што пераехалі ў Крамянец ужо ў сталым узросце, да рытуалу выклікання дажджу далучаюцца маладыя ўдовы, якія, пакуль муж быў жывы, не хадзілі да каменя.

Жыхары в. Крамянец (часам навакольных весак) ходзяць да валуна на Вялікдзень да пачатку сямейнага сняданку, нясуць свянцоныя булкі і чырвоныя яйкі. На Спас нясуць яблыкі. Маладыя наведваюць камень на другі дзень вяселля - лічыцца, што ен прыносіць шчасце і дабрабыт. Пры любой сямейнай урачыстасці многія наведваюць камень і адносяць да яго грошы або нейкі пачастунак - цукеркі, печыва, хлеб, кветкі, ягады. Заходзяць і ў несвяточныя дні, ідучы ў лес ці з лесу. Ідучы ў лес, просяць спрыяння ў промысле - каб назбіраць шмат грыбоў або ягад. Тады ахвяруюць кветкі, грыбы, ягады, яблыкі, жытнія каласы, грошы. Могуць пакласці проста галінку. Падыходзячы, жанчыны хрысцяцца, кланяюцца, некаторыя чытаюць “Ойча наш”, цалуюць камень. Да каменя ходзяць і лячыцца як жыхары Крамянца, так і іх дзеці і ўнукі, якія пераехалі ў гарады.

У засуху ля камяня збіраюцца удовы, яны каламі ў рост чалавека падважваюць валун, адкаціўшы з-пад яго малыя камяні, і пакідаюць калы пад каменем. Максімум праз тры дні пойдзе дождж. Калі дождж не патрэбен, калы вынімаюць. Для здзяйснення рытуалу патрэбна 9 ці 11 удоу. Апошнія гады выклікалі дождж меншай колькасцю, часам запрашалі мужчын-удаўцоў, бо немагчыма было назбіраць 9 жанчын-удоў.