зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыя веснавых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю і “Провады зімы”

Апісанне

Традыцыя вясновых карагодаў у Пінкавічах складаецца з ваджэння кругавых гульнёвых карагодаў у першы дзень Вялікадня, у нядзелю праз тыдзень, называемую Праводнай, і ў панядзелак пасля Праводнай нядзелі. У панядзелак ладзяць «Провады зімы», падчас якіх кругавыя карагоды змяняюцца на карагод-шэсце: жанчыны рухаюцца за сяло з абрадавай песняй, бягуць і разрываюць «путы зімы», сімвалічна нацягнутыя праз вуліцу, варожаць на ўдачу ва ўсіх жаночых клопатах летам.
Карагоды, якія на мясцовай гаворцы называюць «танкы», гэта старажытны від народнага мастацтва, у якім арганічна спалучаюцца песні, рух і гульнёвае драматызаванае дзеянне. Асноўныя ўдзельнікі – жанчыны вёскі Пінкавічы, цяперашнія і былыя ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Крыніцы». Па ходу шэсця да спявачак далучаюцца іншыя жыхары вёскі, жанчыны і дзяўчаты становяцца разам і водзяць карагоды.
Вясновыя карагоды пачынаюцца ў першы дзень Вялікадня. Жанчыны пасля святочнай службы ў царкве і святкавання дома пачынаюць вадзіць танкі на вуліцах вёскі. Раней увесь Велікодны тыдзень вадзілі карагоды, але зараз гэтая частка традыцыі не практыкуецца, а становяцца жанчыны ў карагоды ў асноўныя дні, што абазначаюць пачатак і завяршэнне святочнага перыяду. Карагод «Траўка-мураўка» водзяць у два кругі, адзін унутры другога, «Скачэ горобэйко дай по юлоньцы» – гульнёвы карагод з «верабейкам» у крузе, «Тарасова жона» – своеасаблівая жартоўная замалёўка сялянскага побыту, дзе круг выконвае ролю сцэны. Нават такі старажытны кананічна-дыялогавы карагод «Проса», які ў асноўным вядомы сваёй харэаграфічнай формай «сценка на сценку», у Пінкавічах таксама мае кругавую форму. Танок-гульня «Пойдэмо в ляс» дэманструе дзяленне аднаго круга на два, рост яго па памеры ў залежнасці ад колькасці ўдзельніц і давядзенне да стану двух роўных колаў, якія зноў зліваюцца. Пасля ваджэння карагодаў спявачкі ідуць працягваць свята ў танцах і сямейным застоллі, захоўваючы спрадвечныя традыцыі вёскі.
Праз тыдзень пасля Вялікадня ў Праводную нядзелю адбываюцца тыя ж дзеі, што і на Вялікдзень. У панядзелак пасля Праводнай нядзелі адбываецца абрад, прысвечаны выгнанню зімы з вёскі або «Провады зімы». Звычайна ў гэты дзень таксама адбываецца служба ў царкве, пасля якой водзяць танкі. Калі службы няма, спявачкі збіраюцца на пачатку вуліцы Якуба Коласа каля музея, або каля клуба і ідуць да ракі, на скрыжаваннях водзяць карагоды такія ж, як на Вялікдзень і Праводную нядзелю. Падчас шэсця па вуліцы спяваюць «Да проводымо зыму да за гай, за долыну». Крок пераходзіць на бег, жанчыны бягуць і рвуць сімвалічныя «путы зімы» – нацягнутыя ніткі, вяроўкі, шнуры, якімі перагароджана вуліца. Да карагодаў далучаюцца іншыя жыхары вёскі, а таксама дзяўчынкі ад мала да вяліка. Дзеці, мужчыны, іншыя дарослыя, якія не ўдзельнічаюць у карагодах, суправаджаюць шэсце і загадзя перагароджваць дарогу да ракі.
Калі выходзяць за вёску, жанчыны выбягаюць на луг ля ракі, забягаюць у ваду і вырываюць якую-небудзь расліну з вады. Мераюцца: у каго даўжэйшая, тая будзе спраўнейшая і шчаслівейшая ў гэтым годзе. Пасля гэтага вясну ўжо не спяваюць і танкі не водзяць, а вяртаюцца ў вёску, спяваючы траецкія песні
Галоўнымі носьбітамі традыцыі веснавых карагодаў з’яўляюцца сталыя жыхары в.Пінкавічы, удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Крыніцы», які дзейнічае на базе Пінкавіцкага СДК, а таксама дзеці з калектыву-спадарожніка «Крынічанькі». Традыцыя веснавых карагодаў захоўваецца дзякуючы энтузіязму жыхароў і намаганням культработнікаў, якія ганарацца сваёй вёскай і яе культурнымі традыцыямі, таму беражліва іх захоўваюць і стараюцца перадаць маладому пакаленню