Шыфр
43БЛ000186
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, Ашмянскі раён; Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён; Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён; Гродзенская вобласць, Карэліцкі раён
Традыцыя выканання кадрыляў на Гродзеншчыне – адметны элемент культурнай спадчыны рэгіёна, які спалучае ў сабе танцы і жывую музыку. У вобласці існавала і існуе вялікая колькасць мясцовых варыянтаў кадрылі. Дзве з іх (“Дэмбраўская кадрыля” Шчучынскага раёна і “Котчынская кадрыля” Мастоўскага раёна) занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У назвах лакальных варыянтаў кадрыляў адлюстроўваецца мясцовасць іх бытавання. Так, сёння ў Ашмянскім раёне захоўваецца “Валовіцкая кадрыля”, якая запісана ў в. Валовікі. Выконваецца з шорканнем нагамі і прасоўваннем па ходу і супраць ходу танца. Удзельнічае любая колькасць пар. Танец складаецца з 5 кален, якія маюць наступныя назвы: “Асноўны ход”, “Бег з ударам абцаса”, “Бег з акцэнтам”, “Праходка”, “Пляскі ў далоні”. Прадаўжальнікамі традыцыі з’яўляюцца мясцовыя калектывы аматарскай творчасці (розны ўзрост удзельнікаў): народны ансамбль народнай песні “Жытніца” філіяла “Сельскі клуб аг. Кракоўка”, фальклорны інструментальны ансамбль “Граўжышкоўскія музыкі” філіяла “Сельскі клуб аг. Граўжышкі”, фальклорная група “Скарбніца” філіяла “Сельскі клуб аг. Кальчуны”, народны сямейны ансамбль “Граўжанцы” філіяла “Сельскі клуб аг. Граўжышкі” ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”.
У Зэльвенскім раёне захоўваюць “Грабаўскую кадрылю” (назва – ад в. Грабава Зэльвенскага раёна). Адметнасць выяўляецца ў наяўнасці 8 кален і пэўным парадку іх выканання, якія маюць наступныя назвы: “Кадрыля грабаўская завадная”, “Круг і шэн”, “Хустачка”, “Цалаванне”, “Мышка”, “Абэрак”, “Вяночак”, “Варотцы”. Кампазіцыйны строй “Грабаўскай кадрылі” ўключае элементы розных танцаў, якія здаўна бытавалі ў вёсцы Грабава (“Ручаёк”, “Вальс), а таксама элементы народнай гульні. Апошнія 20 гадоў кадрыля захоўваецца ў рэпертуары ўзорнага танцавальнага ансамбля “Зальвяначка” ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”. Дзякуючы дзейнасці калектыву кадрылю сёння можа выканаць кожны трэці жыхар раёна (больш за некалькі тысяч мясцовых жыхароў). Гэта былыя і сённяшнія ўдзельнікі ансамбля, а таксама ўдзельнікі рэгулярных майстар-класаў ад “Зальвяначкі”. Варта падкрэсліць цікавую з’яву: у межах гарадскога пасёлка Зэльва і тэрытарыяльна адносна невялікага раёна майстар-класы праводзяцца рэгулярна, яны сталі не толькі спосабам папулярызацыі танца, але і эфектыўнай формай пераемнасці.
З 60-х гадоў мінулага стагоддзя кадрыля аг. Тударава Карэліцкага раёна стала называцца “Тудараўская кадрыля” – парна-гуртавы танец з устойлівай кампазіцыяй і рэгламентаванай лексікай, выконваецца на музычны памер 2/4 з аб'яўленнямі музычна-харэаграфічных каленаў (“Выхад”, “Спатканне”, “Праважанне”, “Лявоніха”), якія адасабляюцца адно ад другога музычнымі паўзамі. У кожнае калена (колькасць – 9) уваходзяць фігуры з карагоднымі элементамі: “Шэн”, “Пляцёнка”, “Змейка” і іншыя без назваў. Па жаданні выканаўцы могуць павялічыць колькасць кален. У апошнім калене заўсёды выконваецца “Лявоніха”. Сёння “Тудараўскую кадрылю” захоўваюць удзельнікі фальклорнага танцавальнага калектыву “Спадчына” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” (узрост – ад 20 да 60 гадоў).
“Масцішчанская кадрыля” – парна-групавы танец, паходзіць з в. Масцішча, да сённяшняга часу бытуе на Навагрудчыне. Адметнасць кадрылі заключаецца ў тым, што яна не складаецца з кален. Усе рухі ідуць па крузе (“па сонцы”). Кадрылю вылучае “малюнак тройкі” – характэрны элемент “трэці лішні”. Танец выконвае 6 пар. На Навагрудчыне кадрылю захоўваюць удзельнікі народнага ансамбля песні і танца “Свіцязь” ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, у склад якога ўваходзяць людзі розных узростаў і прафесій (навучэнцы школ, студэнты, настаўнікі і інш.).
Кадрылі на Гродзеншчыне працягваюць існаванне дзякуючы фальклорным калектывам, калектывам аматарскай мастацкай творчасці, спецыялістам устаноў культуры і адукацыі, якія імкнуцца захаваць і папулярызаваць гэтую нематэрыяльную спадчыну. Супольнасці лічаць кадрылі сваёй традыцыяй, вартай аховы на ўзроўні дзяржавы.
Запыт аб допуску да карыстання рэсурсамі Банка звестак будзе накіраваны ў Міністэрства культуры. Міністэрства культуры прымае рашэнне аб прадастаўленні ці адмове ў прадастаўленні доступа да карыстання рэсурсамі Банка звестак, аб аб'ёме і паўнаце прадастаўляемай інфармацыі. Рашэнне прымаецца на працягу 10 дзён