Шыфр
43БК000115
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Апісанне
На Слонімшчыне існуе шмат рэцэптаў абрадавага печыва, якія скарыстоўваюць старэйшыя жанчыны, рыхтуючыся да святаў.
Велікодныя пірагі выпякаюць толькі ў гарачую (Чырвоную) пятніцу. Яны круглай формы і маюць свае ўпрыгожванні:
пірог “Пасха” – на версе літары “ХВ”, выпякаецца для асвячэння, разгаўлення;
пірог “Крыжык” – на версе выява крыжа, выпякаецца для памерлых родзічаў;
пірог “Мазурка” – выпякаецца для прыёму гасцей, вельмі здобны;
пірог “Пляцёнка” – аздоблены пераплеценымі жгутамі з ягадамі, прызначаецца для частавання валачобнікаў;
“Бабкіны пірагі” –аздоблены фігуркамі жывёл, кветачкамі, выпякаецца для частавання дзяцей;
“Чырвоная горка” – пірог з замочанага аўса, у які кладуцца чырвоныя яйкі, прызначаецца для жывёл як засцярог ад сурокаў і хвароб.
У вёсках Новікі і Прырэчча на Сёмуху выпякаюць “Траецкі пірог” з дабаўленнем тварагу.
Традыцыя выпякаць вясельныя караваі і караваі для сустрэчы гасцей звязана як з выкананнем мясцовых звычаяў і павер’яў, так і прытрымліваннем канкрэтнай рэцэптуры. Выраб вясельныях караваяў самы працаёмкі, звязаны з дэкарыраваннем шматлікімі фігуркамі з цеста (“шышкамі”): нізкай цеставых пацерак, птушкамі (сімвалам будучых дзяцей), калоссямі (сімвалам дабрабыту), кветкамі – для радаснага жыцця, падкоўкамі (“брамкамі”), “васьмёркамі” (“какардамі”). Звычайна іх пякуць не менш за пяць чалавек. Сярод каравайніц існуе прымаўка:“Спячы каравай – як нарадзіць дзіця”.
У аздабленні гасцявога караваю скарыстоўваюць яркія стужкі, а з прэснага цеста складаюць надпісы або сімвалы святаў.
Носьбітамі, захавальнікамі і транслятарамі традыцыі выпечкі слонімскіх караваяў з’яўляюцца ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла Навасёлкаўскага цэнтра культуры. Ад старэйшых жанчын маладзейшыя перанялі веды і ўменні. Праз практычныя заняткі ў школах, раённыя святы-кірмашы народнай творчасці, публікацыі каравайніцы вучаць дзяцей і моладзь шанаваць і практыкаваць мясцовую традыцыю