зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйнае інструментальнае выкананне на дыятанічных цымбалах

Шыфр

23АК000176

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г.Паставы; Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, аг.Варапаева; Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, в.Гута; Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, аг.Дунілавічы

Апісанне

Груздаўскiя цымбалы – самаробныя, дыятанічныя, маюць гукарад з паніжанай VІІ ступенню. Корпус плоскі, дрэва светлае, акантоўка цёмна-карычневага колеру, у верхняй дэцы выразаны дзве рэзанансныя адтуліны ў форме круга з ромбамі ўнутры. Памеры iнструмента вагаюцца ў межах – унізе 980-1060 мм, шырыня корпуса 360-380 мм, вышыня 65 мм. Ён адметны сваім празрыстым звонам. Галоўнымi якасцямi цымбал лiчацца iх строй, прынцыпы наладкi, выгляд малаточкаў i выманне гуку. У традыцыйным выканальніцтве існуе два варыянты строю: “нізкі пад гармонік” (“даўнішні”) у фа мажоры   і “высокі пад баян” у соль мажоры. Наладка інструмента ў пэўным строі кадзіруе гукавую эстэтыку музычных інструментаў, іх семантычную прыроду, што звязана з асаблівасцямі іх функцыяніравання. “Нізкі строй” лічыцца “больш душэўным” i выкарыстоўваецца пры выкананні песенных лірычных найгрышаў, вальсаў. З “высокім строем” у народа звязана ўяўленне пра весялосць, радасць, таму ён характэрны для полек. 

Сістэма настройкi цымбалаў пад гармонік” пачынаецца з другой струны зверху на галасавой падстаўцы з фа1 актавы, а “пад баян” адметная тым, што замест фа апорнай струной з’яўляецца соль1 актавы. “Наводка” цымбалаў пад скрыпку пачынаецца з ля1 актавы (першая струна скрыпкі). 

Гукарад варапаеўскiх цымбалаў цэлатонны, ахоплівае 7 танальнасцей. У iх апорны гук соль1 перамяшчаецца ўніз, на чацвёртую струну зверху на галасавой падстаўцы. Затым наладка ўсіх цымбал ажыццяўляецца стэрэатыпна – квінта праз падстаўку ўверх і актава ўніз. 

Навучанне ажыццяўляецца ў трох формах: найманне настаўніка, у сям’і, самастойна (“праз сябе”) і пачынаецца з “аплікатурнага паказу”: правая рука выконвае мелодыю, а левая “падбівае басы”. Спосаб гуказдабывання адзін – удар. Пасля ўдару музыка не адразу паднімае малаточак, струна, якая вагаецца, паспявае на нейкае імгненне некалькі разоў адказаць, ударыць па малаточку. Гэтая дэталь зусім мяняе гучанне цымбал: далікатнае, “празрыстае і пявучае, без лязгання”. Струны ніколі не глушаць, бо розная колькасць абертонаў ўздзейнічае на інтанацыйную выразнасць кожнага штрыха і ўсёй тэмбравай разнастайнасці.

Засваенне сродкаў мастацкай выразнасці праламляецца праз творчую індывідуальнасць, якая ў кожным канкрэтным выпадку фарміруе свае комплексы прыёмаў і характар іх выкарыстання.