зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя

Шыфр

53БК000164

Месца знаходжання

Магілёўская вобласць, г. Магілёў; Магілёўская вобласць, Крычаўскі раён, г. Крычаў

Апісанне

Падняпроўская гліняная цацка-свістулька – гэта ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый.
У старажытнасці арэал распаўсюджвання Падняпроўскай глінянай цацкі – гэта тэрыторыя Верхняга Падняпроўя. У большасці свістулькі ўвасаблялі такія вобразы, як птушка, курка, пеўнік, качка, конь, козлік, баранчык (авечка), сабачка, бычок, мядзведзь, вершнік на кані, вадзяны свісток “салавейка”. Радзей сустракаліся сава (сыч), парсюк (свінка, дзік), рыбка, алень (лось). Напрыканцы ХІХ ст. гарадскія майстры, у прыватнасці Магілёўскія, паступова пачыналі, пад уплывам рынку і расійскіх цацак, адыходзіць ад традыцыі. Маглі зрабіць ката, чарапаху, жабку, ільва, барыню. Хаця гэтыя вобразы былі вядомыя нашым продкам з даўніны. Яны сустракаюцца як багі, духі, татэмы роду, на  ручніках і ў фальклоры. Калі ж вырабы мелі 4 і больш ігравых адтулін, гэта былі ўжо сапраўдныя акарыны.
Толькі ў Падняпроўскай глінянай цаццы ёсць такія вобразы і формы як, птушка, качка, конь, птушка-конь (качка-конь), Крычаўскі конь (качка-конь), вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані,
вершнік на кані, коне-певень. Яны адразу адрозніваюцца і вылучаюцца сваёй вобразнасцю, умоўнасцю, пластычным лаканізмам, асаблівымі тэхналогіямі вырабу. З далёкіх архаічных часоў менавіта патомныя майстры ўсходняга Магілёўскага Верхняга Падняпроўя, пераймаючы прыёмы лепкі і характар трактоўкі вобразаў, данеслі амаль да пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя стылістыку, сімвалы, гукі і подых старажытнасці.
Адрадзіў Падняпроўскую цацку-свістульку напачатку 1990-х гадоў народны майстар Вячаслаў Мікалаевіч Якавенка, які і ў цяперашні час  вырабляе і папулярызуе ўсе формы і вобразы гліняных народных цацак-свістулек Магілёўскага Падняпроўя: праводзіць майстар-класы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, чытае лекцыі, з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Свісцёлка” раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Крычаўскага раёна”. У г. Магілёве традыцыю лепкі арыгінальных гліняных цацак аднаўляе народны майстар Любоў Міхайлаўна Яшчанка, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чароўная гліна” ДУА “Педагагічны комплекс яслі-сад-школа №44 г. Магілёва”.
Майстры-носьбіты папулярызуюць Падняпроўскую гліняную цацку-свістульку на розных мерапрыемствах, такіх як фестывалі, конкурсы, агляды, святы, семінары, прэзентацыі, сустрэчы, выставы, форумы, майстар-класы, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і іншых краінах.