Шыфр
213Г000180
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1909 - 1914 гг.
Стыль
неаготыка
Апісанне
Касцёл пабудаваны на працягу 1909-1914 гг. на сродкі парафіі і розныя ахвяраванні. Храм размешчаны ў цэнтры пасёлка. Адзін з найбольш выразных твораў архітэктуры неаготыкі. Цяпер лічыцца адным з самых высокіх на Беларусі (вышыня яго шпіляў 59 м). Аб’ёмы кананічнай трохнефавай двухвежавай базілікі з пяціграннай апсідай, двухпавярховымі сакрысціямі і трансептам згрупаваны ў дынамічна нарастаючую архітэктурную кампазіцыю. Вялікае ўражанне пакідаюць дзве шмат’ярусныя ступеньчатыя вежы вельмі прыгожых прапорцый, завершаныя вострымі васьміграннымі шатрамі. Паміж вежамі знаходзіцца трохвугольны франтон, завершаны высокімі зубцамі. Храм мае трансепт аднолькавай вышыні з цэнтральным нефам, тарцы якога ўпрыгожаны зубцамі. У цэлым, у архітэктуры касцела шырока выкарыстаны матыў упрыгожання зубцамі: яны расчляняюць вежы на 2 ярусы, завяршаюць іх сцены, тарцовыя фасады трансепта і цэнтральнага нефа. Галоўны ўваход вырашаны перспектыўным парталам з вімпергам. Над ім - велізарнае акно- ружа, пераплёт якога выкладзены з фігурнай цэглы. Ступеньчатыя контрфорсы, шматлікія вежачкі-пінаклі, вялізныя аконныя праёмы з востраканцовымі завяршэннямі, зубцы, вострыя шатры - усё гэта надае будынку лёгкасць, узнёсласць, падкрэслівае яго вертыкальную выцягнутасць. Касцёл мае прыгожы падмурак, выкладзены з часанага каменю. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія спічастыя аркі скляпенняў, што надае яму, як і фасаду, вертыкальную дынамічнасць.