Шыфр
111Г000334
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1729 - 1733 гг.
Стыль
Позняе барока
Апісанне
Троіцкі касцёл адносіцца да ўнікальных аб’ектаў міжнароднага значэння, непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і духоўнага развіцця краіны, а таксама мае значнасць з пункту гледжання гісторыі, архітэктуры, культуры.
Гэта адзін з самых цікавых культавых будынкаў эпохі позняга барока на Беларусі. Падобных касцёлаў у Еўропе ўсяго тры. У дакументах першай чвэрці ХІХ ст. пры апісанні касцёла часта сустракаюцца такія характарыстыкі, як "... пабудаваны па ўзору касцёла Марыі Маджоры" ці "нагадвае Марыінскі касцёл на Латэрані" і г.д., відавочна, для таго каб падкрэсліць хараство воўчынскага Свята-Троіцкага касцёла.
Мураваны цагляны касцёл у м. Воўчын быў закладзены 18 ліпеня 1729 г. Касцёл быў спраектаваны ў ватыканскай манеры рымскай архітэктуры Іаганам Зігмундам Дэйблам. Будаўніцтва вялося за сродкі падскабія ВКЛ, ваяводы Мазавецкага, каштэляна Кракаўскага Станіслава Панятоўскага і завяршылася ў 1733 г. (польскія даследчыкі паказваюць дату 1731 г.). Але, па некаторых звестках, канчаткова касцёл быў дабудаваны і абсталяваны ў 1743 г. У гэтым жа годзе касцёл быў асвечаны ў гонар Прасвятой Троіцы і выконваў ролю сямейнага палацавага храма.
Пасля падаўлення паўстання 1863 г. касцёл Святой Троіцы спачатку быў зачынены, а ў 1866 г. быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву і перададзены праваслаўным вернікам.
У 1918 г. касцёл быў вернуты каталікам. У 1924 г. каля касцёла была пабудавана плябанія (дом святара) у неабарочным стылі. У 1938 г. у касцёле была перазахавана труна з парэшткамі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Касцёл быў моцна пашкоджаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У сярэдзіне 1950-х гг. касцёл быў выключаны з рэестра гісторыка-архітэктурных помнікаў i выкарыстоўваўся як калгаснае сховішча ўгнаенняў і ядахімікатаў. У 1970-х гг. абрынуўся ўнутр дах разам з гадзіннай вежай.
Рэстаўрацыя касцёла пачалася ў 2008 г.