зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Вясельная каравайная традыцыя

Апісанне

Да нашых дзён у в. Моталь захаваўся адзін са старадаўнейшых вясельных звычаяў выпечкі, упрыгожвання і міжродавага падзелу абрадавага хлеба – каравайная традыцыя. Каравай – гэта абрадавы хлеб, сімвал дабрабыту, абавязковы атрыбут палескага вяселля. Выпечка каравая – вельмі адказная дзея, менавіта з яе пачынаецца вяселле. Пякуць каравай як у доме жаніха, так і ў доме нявесты. Аснову каравая, хлеб, замешваюць і выпякаюць спецыяльна запрошаныя жанчыны-каравайніцы. Мясцовая супольнасць лічыць, што выбар каравайніц уплывае на лёс маладых, таму на гэтую ролю выбіраюць паважаных, руплівых жанчын, якія жывуць шчасліва ў шлюбе і маюць дзяцей. Вясельная каравайная традыцыя, як частка вясельнага абраду, уключае ў сябе шэраг ганаровых і адказных этапаў або чынаў: расчыненне, замес каравая, гібанне каравая, сажанне ў печ, выйманне з печы, упрыгожванне каравая, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі дзеяннямі, благаслаўленнямі, малітвамі, песнямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Значным элементам каравайнай традыцыі з’яўляецца ўпрыгожванне каравая, для чаго вырабляюць з цеста і пякуць “шышкі” – галінкі садовых дрэў з пэўнай колькасцю разгалінаванняў, а таксама “барылца” – жгуты цеста па дзесяць сантыметраў, абвітыя па даўжыні ў форме спіралі і інш. Каравай выпякаюць ужо ўпрыгожаным, а затым шышкі аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі. На працягу ўсяго вяселля караваі знаходзяцца ў “каморы” (халодным памяшканні), а на заканчэнні вяселля дзеляцца паміж родам: кожны атрымлівае сваю долю ўзамен на добрыя пажаданні і падарункі маладым. Суправаджаецца падзел каравая музыкай, жартамі, прыгаворамі. Перадача каравайнай традыцыі ажыццяўляецца ад пакалення да пакалення ў сем’ях жыхароў в. Моталь, якія вельмі ўважліва і ашчадна ставяцца да сваёй каравайнай традыцыі