зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Вясновы абрадавы карагод «Стрылка»

Апісанне

Ваджэнне вясновага абрадавага карагода «Стрылка» адбываецца штогод на першы дзень Вялікадня пасля велікоднай вячэрняй службы ў царкве, якая называецца «Нешпар» (па-мясцоваму) і доўжыцца 40—60 хвілін. Пасля службы жыхары вёсак Бездзежскага сельскага савета збіраюцца для ажыццяўлення абраду на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місці») перад царквой ля крыжа, які знаходзіцца на скрыжаванні пяці дарог. «Місто» з’яўляецца важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду, таму традыцыйная планіроўка вуліц і мясцовая архітэктура выступае чыннікам захавання ў часе ўсіх складовых элементаў абраду. Бацюшка акрапляе прысутных святой вадой. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў выконвае адзін і той жа чалавек, або самая старэйшая і паважаная жанчына (яна звычайна замужам і мае дзяцей, а таксама добра ведае, як завесці карагод), ставіць «зырнятак» (маленькіх дзетак) у выглядзе трохкутніка. Дзеці ў сваіх групках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца па сонцу, агінаючы «зырнятак» у выглядзе падковы, і спяваюць карагодную песню ў спакойным, працяжным тэмпе. Абрад уяўляе зварот да вышэйшых сіл на новы багаты ўраджай, заклік да засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў, негатыўных звычак, каб ні страціць «дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу». Для ўдзелу ў абрадзе мясцовыя жыхары старанна рыхтуюцца, апранаюцца ў мясцовы строй. «Стрылка» з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці.