зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Выраб мугіроў

Апісанне

Мугір - жывапісна-графічны твор, звязаны з духоўнай культурай мусульман, у якім звычайна даецца выслоўе або цэлая частка (сура) з Карана.

На Іўеўшчыне выраб мугіроў,  традыцыйнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва беларускіх татар-мусульман, якія пражываюць у раённым цэнтры - горадзе Іўе вядома з канца ХІХ пачатку ХХ ст.ст.

Звесткі пра мусульманскія мугіры ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці маюць сваю даўнюю гісторыю. Старэйшыя прадстаўнікі татарскай суполкі Іўя ўзгадваюць пра невялікія прыгожыя квадратныя і прамавугольныя карцінкі, абцягнутыя дарагім бархатам і тэкстыльныя пано, выкананыя ў тэхніцы валяння казінай поўсці (лямец), на якіх па-майстэрску былі выпісаны выразы з Карана. На Іўеўшчыне гэтыя “свяшчэнныя карцінкі” называлі “мугіры”. У дакладным перакладзе з арабскага “мугір” азначае “пячатка” - той асаблівы знак, які дазваляе падзеям існаваць з благаслаўлення і па волі вышэйшых сіл. Для татараў гэта было і ёсць абазначэнне сабой прысутнасці Божай Сутнасці – Алаха. Яны вераць, што ўзгадванне імя Усявышняга дапамагае  пазбавіцца ад розных бедаў і перашкод.

Традыцыя пісьма і малявання мугіроў на Іўеўшчыне пачынаецца з пачатку ХХ стагоддзя, калі для ўпрыгажэння пабудаванай у 1882 годзе Іўеўскай мячэці жыхар Іўя Рафаловіч Сулейман Ях’евіч (1909-2001 гг.) стварыў мугір з выявай славутай мячэці - Вялікай мячэці Айя-Сафія ў Канстанцінопалі (з 1930 года – г. Стамбул). Малюнак быў выкананы алоўкам і акварэльнымі фарбамі. Паколькі майстар сам ніколі не быў у Стамбуле, сваю работу выканаў у нехарактэрнай для яго творчай манеры – гравюры, выкарыстаўшы малюнак з друкаванай крыніцы. У наступных творах майстра – мугірах 1934-га і 1988-га гадоў адчуваецца асаблівая манера малявання, што робіць пазнавальнай руку майстра. Яго паслядоўнікамі становяцца жанчыны-мусульманкі.

Перапляценне татарскай і беларускай культур за шэсць стагоддзяў сумеснага суіснавання стала вельмі цесным. Мусульманская або, дакладней, татарская культура стала неад’емнай часткай культуры Беларусі. Мастацтва вырабу мугіроў у татарскай супольнасці г. Іўе набыло характэрную мясцовую адметнасць, якая вызначаецца арганічным спалучэннем народных мастацкіх традыцый татарскага і беларускага народаў. У большасці выпадкаў характэрныя для мусульманскай культуры сюжэты, малюнкі, тэксты сведчаць пра ўплыў стылістыкі мясцовых традыцый народнага мастацкага роспісу на шкле, вышыўкі і іншых відаў рамяства традыцыйнай беларускай культуры. У такім выглядзе і пад такой назвай арыгінальнае мастацтва вырабу мугіроў не сустракаецца больш нідзе як у Беларусі, так і ў іншых краінах свету.

Як від мастацтва мугіры сустракаюцца ў ісламскіх краінах пад назвай “шамаіль”, На персідскай мове мае дадатковае значэнне – “свяшчэнная карціна”. У адрозненні ад персідскіх шамайэляў, татарскія шамаілы і іўеўскія татарскія мугіры адмаўляюць вобразы жывых істот і звязаныя з імі рэлігійна-паклонныя функцыі. У татар Расіі (г. Казань) мугіры існуюць пад назвай – шамаіль.

Іўеўскія мугіры выкананы майстрамі і мастакамі-аматарамі і з’яўляюцца лакальнай праявай мясцовай традыцыйнай культуры як Гродзенскай вобласці, так і Беларусі.