Шыфр
411Г000328
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
ХІV ст.
Стыль
Гатычны і раманскі стыль
Апісанне
Каменны замак у Лідзе быў пабудаваны па загадзе вялікага князя літоўскага Гедыміна ў першай палове XIV ст. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы вяліся 5-7 гадоў.
Замак быў пабудаваны з палявога каменю і цэглы. Таўшчыня сцен унізе – 2 м, уверсе яны звужаюцца да 1,5 м і пераходзяць у баявую галерэю. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 см, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі. На паўднёвай і ўсходняй сценах знаходзіліся два цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях. Спачатку замак меў толькі адну вежу – у паўднёва-заходнім куце двара. У плане яна ўяўляла сабой квадрат. Як высветлілі археолагі, ад яе засталіся толькі фрагменты падмуркаў.
Вонкавыя паверхні замка былі зроблены з вялікіх, часткова абчасаных валуноў, што пакладзены гарызантальнымі, дакладна вызначанымі радамі. Прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі аскалёпкамі на вапнавай рошчыне (цагляныя кліны сустракаюцца вельмі рэдка). Забутоўка паміж "шчокамі" сцен – з дробных камянёў. Цэгла ўжывалася толькі для асноўных канструктыўных элементаў і архітэктурных дэталяў.
У пач. XV ст. для ўмацавання замка была ўзведзена другая, паўночна-ўсходняя, вежа з разлікам на вядзенне гарматнага бою. Вежа прыбудавана да муроў упрытык. Таўшчыня сцен, якія выходзілі на двор, – 3 м. Некалі вежа мела арачны дзвярны праём з двара (ён выкладзены са спецыяльнай фігурнай цэглы) і лесвіцу шырынёй 1 м з драўлянымі прыступкамі на цаглянай аснове.
Падчас раскопак высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся астаткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Непадалёк ад заходняй сцяны стаяў асобны будынак, дзе, напэўна, жыў са сваёй сям'ёй камендант замка. Ва ўсходняй частцы двара знаходзіліся два калодзежы. Сярэдзіна замкавага двара была забрукавана. Каля паўднёва-ўсходняй вежы знаходзіліся кузня і салдацкая кухня.
У XVІ ст. замак атрымаў дадатковае ўмацаванне – штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу.
У сяр. XVІІ ст. падчас “Невядомай вайны” у выніку аблогі і штурму ўсе драўляныя будынкі на тэрыторыі замка былі спалены, калодзежы засыпаны, а на тэрыторыі замка больш ніхто пастаянна не жыў. У пач. XVІІІ ст. ў час Паўночнай вайны шведы ўзарвалі абедзве вежы. Амаль канчаткова замак парушыўся летам 1794 г.: у яго руінах вялі бой з царскім войскам паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі.
Нягледзячы на тое, што замак прыйшоў у заняпад, да кан. XVІІІ ст. ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды. Магчыма, у вежы замка знаходзіўся архіў, дзе захоўваліся земскія актавыя кнігі.
У кан. ХІХ ст. у Лідзе адбыўся моцны пажар. Быў знішчаны самы цэнтр горада разам з будынкам ратушы. Для адбудовы горада мясцовыя гарадскія ўлады, не разумеючы гістарычнай каштоўнасці замка, наладзілі разборку і распродаж яго муроў. Тады былі амаль цалкам знішчаны рэшткі паўднёва-заходняй вежы і разабрана частка заходняй сцяны. Толькі ўмяшанне археалагічнай імператарскай камісіі з Пецярбурга спыніла гэты вандалізм. У 1909 г. для частковай кансервацыі старажытнага ўмацавання былі адпушчаны невялікія сродкі.
У 1920-я гг. лідскія муры крыху абнавілі польскія рэстаўратары. Яны злучылі каменнай агароджай заходнюю і паўднёвую сцены, часткова залажылі разбураны паўднёва-ўсходні кут і замуравалі бакавыя ўваходы.
У 1953 г. замак у Лідзе ўвайшоў у спіс помнікаў архітэктуры. У 1967 г. ЦК КПБ і Савет Міністраў БССР прынялі Пастанову аб правядзенні неадкладных рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках архітэктуры і гісторыі, у тым ліку і на Лідскім замку. З 1976 г. пачаліся археалагічныя і гістарычныя даследаванні на тэрыторыі замка.