На 25 “roll-up” стэндах прадстаўлены адметныя нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (http://gosspisok.gov.by), у тым ліку беларускія элементы ЮНЕСКА. Сярод іх – зімовы абрад-карнавал “Калядныя цары”, беларускі вясновы абрад “Юраўскі карагод”, унікальнае рэлігійнае свята “Будслаўскі фэст”, саломапляценне, якое стала адной з “візітных картак” Беларусі, культура лясного бортніцтва.
Беларусь – адна з першых краін у свеце, якая далучылася да Канвенцыі і ўвайшла ў склад Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. На сёняшні дзень у спісы ЮНЕСКА ўключана 5 беларускіх элементаў. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена 178 аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія прадстаўлены 1470 носьбітамі.
Дзякуючы стэндам, што будуць дэманстравацца на выставе, наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з народнымі традыцыямі і звычаямі, самабытнымі рытуаламі і абрадамі, якія можна сустрэць толькі на тэрыторыі Беларусі.
