зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Навіна

У Поразаве прайшоў першы «Банкуха-Фэст»!

У Поразаве ўпершыню прайшоў «Банкуха-Фэст» – свята, якое аб’яднала мясцовыя традыцыі, народныя абрады і кулінарную спадчыну. У цэнтры ўвагі была знакамітая поразаўская банкуха – адметнасць рэгіёна, рэцэпт якой захоўваецца з пачатку ХХ стагоддзя. Фестываль стаў нагодай не толькі ўзгадаць гісторыю знакамітага прысмаку, але і пазнаёміць гасцей з вясельнымі абрадамі, мясцовымі кулінарнымі звычаямі і творчасцю землякоў.

Падарожжа ў мінулае

Святочная праграма пачалася з аднаўлення старадаўніх вясельных традыцый. Адным з важных момантаў стала ўрачыстае зняцце банкухі з валака – абрад, які ў мінулым быў часткай поразаўскага вяселля. Пасля выправаджэння маладых святочнае шэсце накіравалася да Дома культуры, дзе ўдзельнікі фестывалю ўзнавілі эпізоды вяселля 1970–1980-х гадоў: браму, сватанне і іншыя мясцовыя абрады. Так госці змаглі дакрануцца да вясельных звычаяў мінулых гадоў і лепш пазнаёміцца з культурнай спадчынай Поразава.

Асаблівае месца ў гэтай спадчыне займае Поразаўская банкуха. Захаваць старадаўні рэцэпт і традыцыю яе прыгатавання ўдалося двум майстрыхам – Алене Козюк і Ганне Шалкевіч. Сёння яны застаюцца адзінымі ў Беларусі носьбітамі ўмення выпякаць банкуху па–старадаўняму – на адкрытым агні ў печы. Іх майстэрства – гэта не проста кулінарнае ўменне, а жывая спадчына, якая захоўваецца дзякуючы ведам, вопыту і любові да сваёй справы. Каб традыцыя не згубілася, сакрэты прыгатавання банкухі ўжо пераймаюць Галіна Рублік і Алена Андрушка. Так веды, якія Алена Козюк і Ганна Шалкевіч збераглі на працягу многіх гадоў, знаходзяць працяг у новых майстрых, а разам з імі з'яўляецца надзея, што непаўторны смак поразаўскай банкухі будзе вядомы і наступным пакаленням.

Смак, які аб’ядноўвае

Неад’емнай часткай фестывалю стаў кулінарны конкурс «Свята смаку і традыцый». Свае кулінарныя шэдэўры на суд журы прадставілі не толькі жанчыны, але і мужчыны. Удзельнікі здзіўлялі разнастайнасцю страў, дзяліліся рэцэптамі і даказвалі, што любоў да кулінарыі не мае гендарных межаў, а сапраўдная кухня аб’ядноўвае людзей, захоўвае сямейныя традыцыі і перадае смак роднага краю з пакалення ў пакаленне. Асаблівую ўвагу прыцягнула і самая юная ўдзельніца кулінарнага конкурсу – Анастасія Андрушко, вучаніца 8-га класа сярэдняй школы № 2 г. Свіслачы. Яе ўдзел стаў яшчэ адным пацвярджэннем таго, што цікавасць да кулінарных традыцый і жаданне захоўваць спадчыну роднага краю аб’ядноўваюць розныя пакаленні. Удзельнікі прадставілі разнастайныя стравы, падзяліліся рэцэптамі і прадэманстравалі багацце мясцовай кухні.

 Да ацэнкі кулінарных работ далучылася Алена Мікульчык з Минску – шэф-кухар, даследчыца беларускай і славянскай кухні, гісторык кулінарыі і аўтар кулінарных кніг. Яна вядомая тым, што аднаўляе старадаўнія рэцэпты і папулярызуе нацыянальныя кулінарныя традыцыі. На фестывалі госця не толькі працавала ў складзе журы, але і правяла майстар–клас па вырабе цукерак. Госці маглі назіраць за працэсам стварэння салодкіх прысмакаў і бліжэй пазнаёміцца з кулінарным майстэрствам. Сярод гасцей фестывалю і членаў журы былі старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка і загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Гутар. У склад журы кулінарнага конкурсу таксама ўвайшла і радыёвядучая Ксенія Сітнік, якая вядзе перадачы на Першым канале і радыё «Культура».

Узнагароды і словы падзякі

Звяртаючыся да гасцей і ўдзельнікаў свята Віктар Суботка выказаў падзяку ўсім, хто прыклаў намаганні, каб поразаўская банкуха была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Беларусі. Ён падкрэсліў, што за захаваннем гэтай традыцыі стаіць вялікая праца па вывучэнні гісторыі і пошуку людзей, дзякуючы якім кулінарная спадчына дайшла да нашых дзён. Таксама Віктар Суботка адзначыў важнасць захавання рэгіянальных адметнасцей, у тым ліку ў кулінарыі і вясельных звычаях.

Фінальным акордам фестывалю стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў кулінарнага конкурсу «Свята смаку і традыцый». У намінацыі «Класіка традыцый» дыплом I ступені атрымала Ольга Крыштофік, другое месца заняў Андрэй Гуштын, а трэцяе падзялілі Сяргей Ермаковіч і Надзея Аплевіч. У намінацыі «Традыцыйная выпечка» пераможцай стала Алена Філіновіч, другое – заняла Ганна Шалкевіч, трэцяе – Леанід Якута. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Наталля Фалькоўская. Удзельнікам конкурсу таксама ўручылі падарункі, набытыя пры падтрымцы Поразаўскага сельскага выканаўчага камітэта і Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў.

Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў для гледачоў. Падчас свята сярод прысутных разыгралі каштоўныя прызы, падрыхтаваныя Поразаўскім домам культуры і Поразаўскім сельвыканкамам. Іх уладальніцамі сталі жыхарка Поразава і дзве госці з Ваўкавыска.

Новыя ўражанні і кулінарныя адкрыцці

Высокі ўзровень арганізацыі першага фестывалю адзначыла Алена Мікульчык. Паводле яе слоў, свята прыемна здзівіла насычанай праграмай, а асабліва ўразіла рэканструкцыя старадаўняга вяселля.

– Я вельмі ўражана. Ехала ў Поразава, ведаючы, што фестываль праводзіцца ўпершыню, і думала, што ўсё будзе больш сціпла. Але ўзровень арганізацыі аказаўся вельмі высокім. Рэканструкцыя вяселля – проста цудоўна. І канцэрт, і кулінарны конкурс – усё было вельмі годна. Я адзначыла для сябе шмат цікавых рэцэптаў і ідэй, – падзялілася ўражаннямі Алена Мікульчык.

Шэф-кухар расказала, што працуе над кнігай рэцэптаў Гомельскай вобласці, а ўражанні ад паездкі ў Поразава натхнілі яе на далейшы збор матэрыялаў для будучага выдання, прысвечанага кулінарным традыцыям Гродзеншчыны. Яна ўжо даўно вывучае гастранамічную спадчыну розных рэгіёнаў Беларусі і імкнецца захаваць яе для наступных пакаленняў.

На свяце адбылася прэзентацыя кулінарнай кнігі Алены Мікульчык «Невядомая бульба». 

Спадчына, якая жыве

Сярод гасцей свята была сям’я Гушча з Гродна – Станіслаў і Юлія разам з дочкамі Юстынай і Бажэнай. Яны прыехалі падтрымаць фестываль і пазнаёміцца з культурнымі асаблівасцямі Поразава. Юстына вучыцца на другім курсе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і атрымлівае адукацыю ў сферы турызму. Таму знаёмства з мясцовымі традыцыямі мае для яе асаблівае значэнне.

– Для нас падарожнічаць па Беларусі, пазнаваць яе традыцыі і звычаі – вялікі гонар. Мне як будучаму спецыялісту ў сферы турызму важна адкрываць для сябе асаблівасці кожнага краю, каб потым дзяліцца гэтымі ведамі з калегамі і дапамагаць ствараць новыя турыстычныя маршруты, – адзначыла Юстына.

Першы «Банкуха-Фэст» у Поразаве стаў вынікам сумеснай працы Поразаўскага сельскага выканаўчага камітэта і Поразаўскага дома культуры. Дзякуючы іх намаганням свята аб’яднала кулінарную спадчыну, народныя звычаі, музыку і цікавасць да гісторыі роднага краю. Фестываль паказаў, што мясцовыя традыцыі здольныя аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў, зацікаўліваць гасцей з іншых рэгіёнаў і адкрываць новыя магчымасці для развіцця турызму. А галоўнае –дапамагаць захоўваць тое, што робіць Поразава непаўторным.

Таццяна БЕБЕХ (Фота аўтара)

Свіслацкая газета

Крыніца: https://svisgaz.by/