Шыфр
43БК000148
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Апісанне
Выцінанка - выразаныя з паперы ўзоры. На Гродзеншчыне існавалі і іншыя яе назвы: выстрыганка, выразанка, выразка, выбіванка. Мастацтва выцінанкі прыйшло на захад Еўропы з Кітая, на Беларусь - з Германіі і Скандынавіі ў XVIII стагоддзі. Лічыцца, што першымі гэтае майстэрства перанялі яўрэі. У сваіх крамах яны прадавалі паперу і, каб рэкламаваць свой тавар, у вокнах гандлёвых крам вывешвалі прыгожыя папяровыя ўзоры з белай паперы - выцінанкі.
Тэхналогія выцінанкі грунтуецца на асаблівасцях матэрыялу. Ліст паперы можна скласці ў любым парадку і выразаць нажніцамі (скальпелем, металічнымі трубачкамі або гільзамі), дакладна паўтараць столькі разоў, колькі пластоў утварыў складзены ліст. Такога працэсу тыражавання нельга дабіцца ад іншых матэрыялаў. Найбольш распаўсюджаны тэхнічны прыём - складанне ліста паперы ўдвая або ў 4 або ў 8 разоў.
У аснове развіцця выцінанкі ляжыць яе ўтылітарнае прызначэнне - упрыгожванне жылля. Каб маляваць, ткаць, плесці, трэба вучыцца і мець час, а выразаць нажніцамі можа кожны і даволі хутка. Таму ў канцы XIX, пачатку і да канца 60-х гадоў ХХ стагоддзя выцінанкі шырока выкарыстоўваліся як упрыгожванне жылля, пераважна сялянскага і мяшчанскага насельніцтва. Гэта фіранкі, набожнікі, стужкі, гірлянды, кветкі, пеўні і птушкі, паўліны, зоркі і іншае. Сустракаліся выразаныя з паперы профілі і постаці людзей, дрэў, невялікія абразкі, сюжэтныя карціны і іншае. Па сведчаннях старэйшых носьбітаў народнай культуры, выцінанкі перш за ўсё ўпрыгожвалі рамкі абразоў і паліцу пад абразамі на покуці. У каталіцкіх сем'ях часам на свабоднай абтынкаванай сцяне ў цэнтры дома клеілі папяровы крыж, вакол яго наклейвалі кветкі-вяночкі, розныя выявы звяркоў і птушак. Пры стварэнні выцінанкі вясковыя аматары карысталіся не толькі традыцыйнымі ўзорамі, вядомымі ў ткацтве, вышыўцы, роспісе па шкле, але прыўносілі сваю асабістую мастацкую манеру.
Першаўзоры беларускай выцінанкі, як і Гродзенскай, захаваліся ў лічаных экзэмплярах. Больш дакладныя звесткі пра рэгіянальныя (лакальныя) асаблівасці гэтага народнага мастацтва даюць успаміны старэйшых носьбітаў традыцыі выразання з паперы. Так, на Навагрудчыне існавала адметная тэхніка ўпрыгожвання папяровымі ўзорамі свайго жылля. Мясцовыя гаспадыні не толькі дэкарыравалі палічкі і рэзалі сняжынкі на Каляды, але і рабілі складаныя (рапартныя) фіранкі на вокны, ручнікі-набожнікі, сурвэткі пад пірагі. Асновай такіх папяровых вырабаў з'яўляецца ромбападобная сетка, якая імітуе вочкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На іх размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі ці букеты, а па краях выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або кутнікамі. Для працы ўжывалі толькі шчыльныя лісты паперы (цяпер - ватман). Для больш дакладнай імітацыі вышытых вырабаў традыцыйную тэхніку выразання па паперы дапаўнялі адметнымі прыёмамі: выбіваннем кружкоў люлечкамі, выразаннем нажом на дубовай дошцы, выбіваннем узораў цвіком або долатам з дапамогай малатка.
Выцінанка выкарыстоўвалася як бытавая рэч, з іншага боку яна несла пэўныя эстэтычныя якасці. Кожная майстрыха стварала ўзоры пад уплывам уласных пачуццяў і фантазіі. Аднак у 60-е гады XX стагоддзя прамысловыя тавары шырокага ўжывання увайшлі ў сялянскі побыт і шмат знішчылі самабытнага, кананічнага, традыцыйнага. І ўсё ж мастацтва выцінанкі не знікла. У 80-я гады мінулага стагоддзя яго адрадзілі работнікі культуры і прафесійныя мастакі-рупіцелі на ніве народнай культуры, праз навучанне гэтаму мастацкаму рамяству ў гуртках і студыях выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У творчасці большасці гродзенскіх майстроў выцінанкі прасочваюцца элементы традыцыйнага рамяства ў спалучэнні з асабістым мастацкім пераасэнсаваннем. Такі падыход да мастацтва выцінанкі характэрны майстрам г. Гродна, Гродзенскага раёна, г. Ліды. Гэта натхняе творцаў звяртацца да вытокаў народнай культуры і праз выцінанку тактоўна яе трансліраваць у сучасным асяроддзі. У работах майстроў выцінанкі з Астравецкага, Воранаўскага, Карэліцкага, Мастоўскага, Свіслацкага, Слонімскага раёнаў асабісты мастацкі стыль пераважае. Нездарма сучаснае майстэрства выцінанкі часам называюць "папяровай графікай", а мастацкія кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы выцінанкі, параўноўваюць са "станкавымі" творамі.