Шыфр
711Е000001_1_18
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1895 г.
Апісанне
Будынак № 27 адносіўся да аднаго домаўладання з домам № 25. У другой палове 19 ст. участак з забудовай належаў Ёселю Моўшаву Файну, з 1908 г. Ошэру Бен'ямінаву Каральчуку. Як сведчаць архіўныя дакументы, дом № 27 мае складаную гісторыю будаўніцтва. У 1883 г. на участку Файна названы толькі адзін мураваны дом (сучасны № 25), астатнія будынкі былі драўляныя. У 1895 г. па хадайніцтву домаўладальніка гарадская ўправа зацвердзіла праект на будаўніцтва мураванага флігеля разам з гаспадарчым будынкам (у адным корпусе). Флігель з гаспадарчым будынкам быў запраектаваны ў паўночна-ўсходняй вуглавой частцы пляца. Пры гэтым планавалася знесці драўляны гаспадарчы будынак, размешчаны на гэтым месцы. Па месцаразмяшчэнні флігель з гаспадарчым будынкам адпавядае паўночна-ўсходняму двароваму крылу дома № 27 (цяпер у ім кафэ).
У 1899 г. Ё Файн прадставіў у гарадскую ўправу чарговы праект на прыбудову да існаваўшага мураванага гаспадарчага будынка з флігелем новага двухпавярховага флігеля. Невялікі двухпавярховы флігель (галоўны арыентаваны ў двор фасад на шырыню трох аконных праёмаў) планавалася прыбудаваць да паўднёвага тарцовага фасада Г-падобнага гаспадарча-жылога аднапавярховага будынка, ўзведзенага па праекце 1895 г.
Будынак складанай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Складаецца з некалькіх розначасовых аб'ёмаў: двухпавярховага з цокальным паверхам трапецападобнага ў плане асноўнага аб'ёму і злучанага з ім аднапавярховага дваровага крыла, да якога прымыкае яшчэ адзін аднапавярховы Г-падобны ў плане аб'ём. Усе карпусы накрыты аднасхільнымі дахамі. Фасады патынкаваны і пафарбаваны. Плоскасць галоўнага фасада падзелена міжпаверхавым і падаконнымі карнізнымі паясамі, члянёна прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах, на другім паверсе з прамымі сандрыкамі. Завяршае галоўны фасад карніз. Дэталі архітэктурнага дэкору вылучаны на фоне сцен кантрасным белым колерам.