Шыфр
112Е000002_186
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, г. Брэст, вул. Савецкая, 76
Датаванне
к. ХІХ - пач. ХХ ст.
Апісанне
Двухпавярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. У цэнтры будынка размешчана праезная арка, фланкіраваная плоскімі лапаткамі. На першым паверсе справа ад аркі размешчаны дзвярны праём і шырокі праём вітрыннага акна. На другім паверсе сіметрычна размешчаны два балконы з каванымі агароджамі.
Будынак № 76 размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Брэста на вул. Савецкай. Дакладная дата будаўніцтва дома пад сучасным № 76 нам не вядома. Па тэхпашпарце ён датуецца 1930 г. Аднак, на думку спецыялістаў у галіне архітэктуры і па ўскосных звестках, будынак узведзены раней, мажліва, на мяжы ХІХ - ХХ стст., а ў 1930 г. жылы дом, хутчэй за ўсё, быў адноўлены пасля ваенных падзей ці рэканструяваны. У Вялікую Айчынную вайну будынак не атрымаў значных пашкоджанняў, пра што могуць сведчыць часткова ацалелыя аконныя рамы з накладнымі точанымі элементамі і латунныя скабяныя вырабы. Цяпер пластыка фасада стрыманая, дэкор адсутнічае, з архітэктурных элементаў у чляненні галоўнага фасада выкарыстаны плоскія лапаткі і ў завяршэнні карніз. Узбагачаюць фасад каваныя агароджы балконаў.
На дваровым фасадзе бачны сляды пераробак і страты балконаў, праёмы балконных дзвярэй замураваны да аконных. Будынак уяўляе сабой прыклад гарадской шэраговай забудовы канца ХІХ - пачатку ХХ стст.