Шыфр
112Е000002_188
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, г. Брэст, вул. Савецкая, 93
Датаванне
пач. 20 ст.
Апісанне
Будынак размешчаны ў гістарычным цэнтры г. Брэста, фарміруе забудову вул. Савецкай, адной з цэнтральных вуліц горада. Гістарычная назва вуліцы на адрэзку паміж вул. Гогаля і вул. Піваварнай (сучасная вул. Інтэрнацыянальная) -- Паліцэйская, а з 1921 па 1939 годы - вул. Е. Дамброўскага. Квартал, у якім знаходзіцца будынак пад сучаснымі №№ 93, 95, да 1910 г. быў цалкам адбудаваны пасля пажараў. Паводле архіўнага дакумента ў ім было пабудавана 22 мураваных жылых дома, з іх 11 двухпавярховых. Акрамя таго, унутры квартала налічвалася 12 мураваных флігелей. У 1920 - 1930-я гады на тэрыторыі квартала было пабудавана ці рэканструявана 19 дамоў, з іх толькі 2 драўляныя.
У 1921 г. з дазволу магістрата, на ўчастку, Лея Вербіна пабудавала драўляную будку для дробнага гандлю. Аднак, відаць, справы ішлі не вельмі добра, таму што за даўгі ў 1937 г. яе ўчастак па рашэнні суда перайшоў ва ўласнасць Срулю Нусбаўму. Такім чынам, мураваны дом № 93 быў пабудаваны ў перыяд з 1937 па 1939 г. Будынак быў Г-падобны ў плане. З паўднёвага боку фасада знаходзіўся праезд у двор, закрыты драўлянымі варотамі. Фасад дома быў не тынкаваны, вырашаны сціпла. Яго узбагачаў балкон з каванай агароджай. У 1970-я гг. будынак быў часткова рэканструяваны: на месцы праезда зроблена памяшканне, адпаведна праём варот замураваны да памераў аконнага. На працягу 1990 - 1997 гг. быў распрацаваны праект і ажыццяўлена рэканструкцыя дамоў № 93 і № 95 з рэстаўрацыяй фасадаў. Будынак з'яўляецца прыкладам грамадзянскай забудовы Брэста пачатку - першай паловы 20 ст.