Шыфр
512Е000001_32
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Магілёўская вобласць, г. Магілёў, вул. Ленінская, 8
Датаванне
Кан. XIX ст.
Стыль
неакласіцызм
Апісанне
Будынак знаходзіцца на пляцы, які належаў фарнаму касцёлу св. Казіміра. Паводле архіўнага дакумента, у 1788 г. епіскап Богуш-Сестранцэвіч аддаў пляц у арэнду Арліну Давідавічу, затым на правах арэнды пляц перайшоў у валоданне да Залмана Цяльнікера, а ў 1858-59 гг. яго набыў Ш. Шур з Х. Абрамовічам. У далейшым пляцам з забудовай валодалі спадчынікі Ш. Шуры. З дакумента вядома, што Шая Шур набыў у Цяльнікера пляц разам з трохпавярховым домам. На першым паверсе жылога дома меліся лаўкі. Такім чынам, існуючы будынак № 8 можна датаваць канцом 18 -- першай паловай 19 ст., на выкапіроўцы з плана г. Магілёва 1829 г. ён ужо паказаны як існуючы. Першапачаткова будынак быў двухпавярховы. Пасля пажару 1852 г. дом адноўлены з надбудовай 3-га паверха.
Цэнтральная частка фасада вылучана несапраўдным рызалітам, завершаным трохвугольным франтонам. Па перыметры франтон апаясаны прафіляваным карнізным поясам, у тымпане франтона круглая люкарна. Вуглы будынка акцэнтаваны дэкарыраванымі лапаткамі. Дваровы фасад патынкаваны, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў складаных ліштвах, падобна вокнам трэцяга паверха на галоўным фасадзе. Гарызантальна фасад падзелены міжпаверхавай і падаконнай цягай, завершаны карнізам. Па баках фасада размешчаны балконы.