Шыфр
713Г000329_3
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1939
Стыль
канструктывізм
Апісанне
Будынак № 8 ўваходзіць у комплекс будынкаў першага Мінскага аэравакзала, пабудаваных у 1939 г. У той час гэта была ўскраіна Мінска. У 1933 г. на свабодным ад забудовы ўчастку паміж дзвюх чыгуначных ліній быў заснаваны аэрадром. З заходняга боку аэрадром прымыкаў да Койданаўскага тракту (цяпер паўночны адрэзак Койданаўскага тракту з'яўляецца вул. Чкалава, паўднёвы - вул. Лейтэнанта Кіжаватага).
У Вялікую Айчынную вайну будынкі захаваліся. На аэраздымку Мінска 1944 г. бачна, што дамы па вул. Караткевіча, 4, 8, 7 цэлыя, але без дахаў. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў жылы дом быў адноўлены. Пры гэтым былі захаваны стылістычныя асаблівасці. Галоўны фасад акцэнтаваны плоскімі рызалітамі лесвічных клетак з вертыкальным стужкавым зашкленнем. У рашэнні фасадаў выкарыстаны прыём западаючых прасценкаў, шырокія аконныя праёмы, падоўжаныя вуглавыя балконы, імітацыя плоскага даху, прамыя атыкі і ступеньчаты франтон у спалучэнні з атыкам. Трэба адзначыць, што немалаважным з'яўляецца захаванне ўласцівых для таго перыяду аконных пераплётаў. У 1990-я гг. будынак быў рэканструяваны: над часткай паміж 3 - 4-м пад'ездамі надбудаваны чацвёрты паверх і мансарды, з паўночна-заходняга боку прыбудаваны новы аб'ём жылога дома. Рэканструкцыя ў пэўнай ступені сказіла гістарычнае аблічча жылога дома. Будынак з'яўляецца прыкладам грамадзянскай архітэктуры функцыяналізму 1930-х гг.