Шыфр
113Г000398_16
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Брэсцкая вобласць, Кобрынскі раён, г. Кобрын, вул. Савецкая, 32
Датаванне
кан. XIX - пач. XX ст.
Апісанне
Дом № 32 па вул. Савецкай - мабыць, адзін з найбольш вядомых старажытных будынкаў у забудове вуліцы. Вядомасць дом атрымаў дзякуючы свайму месцазнаходжанню - на зломе трасіроўкі вуліцы, які ўзнік пры збудаванні ў другой палове XIX стагоддзя Брэст-Бабруйскай шашы, які прайшоў праз гарадскі цэнтр. У кадрах фотаздымкаў розных гадоў дом нязменна займае цэнтральнае месца, якое нібы завяршае трасіроўку вуліцы, а на самай справе з'яўляецца толькі пунктам павароту трасіроўкі вуліцы ў заходнім напрамку. Ад гэтага пункта вуліца прамой лініяй накіроўваецца ў бок Брэста, пераходзячы ў лінію шашы, якая не мае на працягу ўсяго шляху ніводнага адхілення.
Параўноўваючы вонкавы выгляд будынка сёння з яго выявамі на фотаздымках мінулых гадоў, можна з упэўненасцю казаць, што ў цэлым архітэктурнае аблічча старога будынку не зведала ў плыні часу істотных зменаў і практычна захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе, за выключэннем асобных дзвярных і аконных праёмаў. Перасягнуўшы векавую адзнаку, дом працягвае сваё актыўнае жыццё, застаючыся нямым сведкам адыходзячых у мінулае падзей.
Аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Фасады патынкаваныя. Галоўны фасад раскрапаваны руставанымі лапаткамі, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, падкрэсленымі падаконнымі карнізнымі паяскамі, завершаны шырокім прафіляваным карнізам. Бакавы заходні і тыльны фасады прарэзаны прамавугольнымі вокнамі без дэкору, тыльны фасад завершаны карнізам. Да бакавога ўсходняга і тыльнага фасадаў прыбудаваны драўляныя тамбуры.