Шыфр
412Г000005_5
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Гродзенская вобласць, г. Гродна, вул. Ажэшкі, 9
Датаванне
1795 г.
Стыль
Эклектыка
Апісанне
Будынак мае складаную гісторыю будаўніцтва. На плане горада канца 18 ст. на гэтым месцы ўжо паказаны мураваны бровар пана Валовіча. У 1812 г. будынак быў прыстасаваны пад шпіталь. На плане 1823 г. паказаны ранейшых абрысаў мураваны будынак, аднак сказана, што належаў ён ксяндзам баніфратам. Наступны план г. Гродна, датуемы 1830-мі гадамі, сведчыць, што да тыльнага фасада бровара была зроблена невялікая прыбудова. У 1857 г. пад наглядам губернскага архітэктара В. Міхаэліса будынак быў перабудаваны пад акруговую лячэбніцу. Паводле дакумента 1886 г. пляц з будынкам належаў купцу Янкелю Фрумкіну. Але ў ім па-ранейшаму знаходзілася лячэбная ўстанова (гарадскі шпіталь). У 1891 г. гарадская ўправа зацвердзіла праект істотнай перабудовы будынка. На галоўным фасадзе ўзведзены тры рызаліты, у цэнтры будынка над аперацыйнай залай з'явіўся купал, пластыка фасадаў ўзбагачана дэкорам. У такім выглядзе будынак захаваўся да нашага часу. Праўда, у выніку рамонта ў 1970-я гг. быў страчаны купал, балконы. У 1920-я гг. у будынку, які па ранейшаму належаў спадчыннікам Фрумкіна, размясцілася Паштова-Тэлеграфнае упраўленне, на першым паверсе -- Гандлёва-прамысловае таварыства. Пасля Другой сусветнай вайны тут знаходзіцца аддзяленне сувязі.
Будынак двухпавярховы, П-падобны ў плане, асiметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі, накрыты вальмавым дахам. Сцены атынкаваныя. Бакавыя i цэнтральны несапраўдныя рызалiты завершаны фiгурнымi атыкамi, дэкарыраванымі нішамі, валютамі. На ўзроўні другога паверха плоскасць рызалітаў крапавана лапаткамі, апрацаванымі фактурнай тынкоўкай.