зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Будынак

Шыфр

212Е000600_11

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вул. Камуністычная, 18

Датаванне

1957

Апісанне

Будынак уваходзіць у склад забудовы гістарычнага цэнтра г. Полацка. З’яўляецца прыкладам пабудоў грамадзянскай архітэктуры 1950-х гадоў, у архітэктурным рашэнні якіх прыменена ордэрная пластыка. Для будаўніцтва жылога дома № 18 для швейнай фабрыкі  быў прыняты тыпавы праект вуглавога 49-кватэрнага дома з магазінам. Завершана будаўніцтва жылога дома ў 1957 г.  За час эксплуатацыі будынка на першым паверсе перароблена частка аконных праёмаў у дзвярныя, замураваны вітрынны аконны праём у вуглавой частцы на фасадзе па вул. Гогаля, заменена запаўненне  ў большасці аконных і дзвярных праёмаў, на фасадзе па вул. Гогаля прыбудаваны зашклёны тамбур. 

Мураваны чатырохпавярховы з падвалам Г-падобны ў плане будынак.  Накрыты вальмавым дахам. Фасады патынкаваныя і пафарбаваныя. Галоўныя і бакавы ўсходні фасады па гарызанталі падзелены прафіляванай цягай пад вокнамі трэцяга паверха, на вышыню ніжніх двух паверхаў апрацаваны рустам. На галоўным фасадзе па вул. Гогаля вылучана вуглавая частка багатай пластыкай і ў завяршэнні двухсхільным шчытом.  Фасадная сцяна на першым і другім паверхах  раскрапаваны пілястрамі з ляпнымі капітэлямі. Пілястры нясуць антаблементы. У цэнтры паміж парнымі пілястрамі размешчаны дзвярны праём, да яго прыстаўлены пазнейшы зашклёны тамбур.  Над ім на другім паверсе балкон з металічнай простага рысунка агароджай. На ўзроўні трэцяга і чацвёртага паверхаў фасад аздоблены пластычнай складанай кампазіцыі ліштвай, якая абрамляе аконны праём трэцяга паверха і балкон на чацвёртым  паверсе. Ліштва складаецца са спараных пілястр (з ляпнымі капітэлямі і філёнгамі) і ў завяршэнні архівольтам, узбагачаным ляпнымі элементамі. Крайнія пілястры ніжняга яруса на ўзроўні трэцяга паверха завяршаюцца пастаментамі з ляпнымі элементамі па форме  блізкімі да дэкаратыўных вазаў з  пінаклямі. Фасад па вул. Камуністычнай мае падобнае архітэктурнае рашэнне.