Шыфр
212Е000600_13
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
др. пал. ХІХ ст.
Апісанне
Будынак № 17 размешчаны ў гістарычным цэнтры Полацка на вул. Ніжне-Пакроўскай, якая адносіцца да адной са старэйшых вуліц на Вялікім пасадзе. Вуліца пачынаецца ля падножжа Верхняга замка і цягнецца да вул. Пушкіна. У канцы вуліцы знаходзіцца Пакроўская царква (адноўлена), ад якой паходзіць назва вуліцы. Трасіроўка вуліцы была замацавана праектнымі планамі канца XVIII ст. Першапачаткова вуліца называлася Вялікай, затым Ніжне-Пакроўскай, у 1919 г. была перайменавана ў вул. Леніна. У 2008 г. вуліцы вярнулі гістарычную назву.
Трэба адзначыць, што згодна з тэхпашпартам будынка, ён быў пабудаваны ў 1932 г. Аднак больш верагодна, што ў пачатку 1930-х гадоў адбылася яго рэканструкцыя. Хутчэй за ўсё, падчас гэтай рэканструкцыі будынак набыў сваю цяперашнюю аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Тады быў прыбудаваны ўваходны тамбур, магчыма страчаны элементы дэкору.
У Вялікую Айчынную вайну будынак захаваўся. У канцы 1940-х гадоў быў адрамантаваны. У пасляваенны час у ім размяшчалася будаўнічая арганізацыя “Отделочник”. У 2020 г. будынак з нежылога пераведзены ў жылы фонд.
Мураваны двухпавярховы трапецападобны ў плане будынак. Накрыты двухсхільным дахам. Фасады патынкаваныя і пафарбаваныя, вырашаны сціпла. Галоўны фасад асіметрычнай кампазіцыі. Са змяшчэннем ад цэнтральнай восі ўправа на першым паверсе размешчаны ўваходны тамбур, над якім на другім паверсе на двух калонках зроблены навес пад двухсхільным дахам. Схілы даху ўтвараюць на галоўным фасадзе трохвугольны франтон. Фасад прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі без дэкору, за выключэннем карнізных паяскоў пад вокнамі другога паверха.
Будынак з’яўляецца прыкладам пабудоў грамадзянскай архітэктуры другой паловы ХІХ ст. Захаваўся ў рэканструяваным выглядзе.