Шыфр
513Е000774_20
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Месца знаходжання
Магілёўская вобласць, г. Бабруйск, вул. Сацыялістычная, 56/40
Датаванне
Пачатак ХХ ст.
Стыль
Мадэрн
Апісанне
Па адрасе Сацыялістычная, 56/40 знаходзяцца два будынка, якія выкарыстоўвае Бабруйскі краязнаўчы музей. Адзін з двухпавярховых дамоў размешчаны ў суцэльнай забудове квартала былой Мураўёўскай вуліцы. Мураваны будынак, у плане Г-падобны. Будынак быў выкананы ў цагляным стыле і першапачаткова быў неафарбаваны (магчыма белай вапнай былі пафарбаваны асобныя дэталі). Сёння фасад па вуліцы Сацыялістычнай афарбаваны ў два колеры – чырвоны і белы. Галоўнаму заходняму фасаду будынка па вуліцы Сацыялістычнай уласцівая лінейная кампазіцыя з выразным гарызантальным і вертыкальным чляненнем. Дэкаратыўныя элементы фасада выкананы з дапамогай 7 тыпаў лякальных цаглін. Прафіляваны карніз дэкарыраваны трохступенчатымі зубчыкамі. Над прамавугольнымі вокнамі другога паверха ідзе аркатурны фрыз (з перакрыжаваных несапраўдных арак). Ваконныя праёмы аздоблены замкавымі камянямі, падваконнымі цягамі з сухарыкамі и прамавугольными выступамі цаглянага мура. На 2-м паверсе размешчаны балконы, упрыгожаныя каванай агароджай (гістарычныя балконы не захаваліся). Першы і другі паверхі падзелены міжпавярховым карнізам з сухарыкамі.
Па вертыкалі галоўны фасад раздзелены прамавугольнымі аконнымі праёмамі і паўкалоннамі на высокім пастаменце з карнізам, з стылизаванымі гіпсавымі капітэлямі (захаваліся часткова). Вуглы другога паверха дэкарыраваны руставанымі лапаткамі. Ваконныя і дзвярныя праёмы першага паверха былі перароблены ў другой палове ХХ ст. (фота 1960 г. фіксуе іх выгляд).З элементаў дэкора першага паверха заставаліся толькі паўкалонны і пілястры. Падчас рамонту 1996 г. былі зроблены два арачных уваходных праёмы, аздобленыя замковымі камянямі. Дваровыя фасады будынка дэкарыраваны толькі прафіляваным карнізам, першапачаткова былі неатынкаванымі. Падчас капітальнага рамонту ў 1996 г. усходні і паўднёвы фасады дома былі атынкаваны, падчас рамонту 2006 г. былі пафарбаваны ў адзін колер з суседнім вуглавым будынкам. Гістарычная планіроўка памяшканняў зменена.
Другі, вуглавы дом шчыльна прыбудаваны да першага. Мураваны двухпавярховы атынкаваны будынак, Г-падобны ў плане. З боку вуліцы Камсамольскай мае скразны праезд у двор. Над карнізам вылучаюцца масіўныя атыкі крывалінейнай формы (на атыке па вуліцы Камсамольскай пазаначаны год пабудовы – 1910). Кампазіцыю фасада па вуліцы Сацыялістычнай утварае рытм пілястраў, завершаных чатырохграннымі вежачкамі, злучаннымі металічнай агароджай (першапачатковая каваная агароджа страчана). Паміж пілястрамі размешчаны пары прамавугольных аконных праёмаў. Фасад па вуліцы Камсамольскай асіметрычны, дэкарыраваны пілястрамі, неглыбокімі нішамі розных памераў з ляпнымі дэталямі геаметрычных формаў. На першым паверсе фасада па вуліцы Сацыялістычнай дзвярныя і ваконныя праёмы пераробленыя.У сярэдзіне 1990-х ў будынку яшчэ захоўвалася метлахская плітка на 1 паверсе і печы. На 2-м паверсе размешчаны балконы, упрыгожаныя каванай агароджай (гістарычныя балконы не захаваліся).