Шыфр
512Г000586
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1886–1888 гг.
Стыль
Псеўдарускі
Апісанне
Неабходнасць будаўніцтва ў Магілёве стацыянарнага тэатра ўзнікла яшчэ ў 1810-я гг. Аднак Айчынная вайна 1812 г., пасляваеннае аднаўленне горада, яго гаспадаркі і прамысловасці адклалі разгляд гэтага пытання на доўгі час. Звярнуліся да яго толькі тады, калі грамадзянскім губернатарам стаў А.С. Дэмбавецкі. Знайшліся і мецэнаты, якія выдаткавалі на будаўніцтва неабходныя сродкі. Пачаліся будаўнічыя работы ў 1886 г. Праект тэатра распрацаваў малады яшчэ архітэктар П. Камбураў. Будаўніцтва ажыццяўляў губернскі інжынер У.С. Мільяноўскі.
Урачыстае адкрыццё тэатра адбылося 25 верасня 1888 г. Будынак тэатра -- адзін з найбольш значных у архітэктурных і інжынерных адносінах сярод збудаванняў Магілёва канца ХІХ -- пачатку ХХ ст.
Будынак мае складаную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Цэнтральнае месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала (500 месцаў) з закругленай тарцовай сцяной. На галоўным фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб'ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе двухбаковая крывалінейная ў плане лесвіца. На тэрасу выходзяць тры высокія арачныя аконныя праёмы з дзвярамі, што акаймаваны лучковымі сандрыкамі. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. Будынак не патынкаваны. У архітэктурным вырашэнні фасадаў выкарыстаны стылізаваныя элементы старажытнарускага дойлідства; абрамленні акон ў выглядзе какошнікаў, закамары, арнаментальныя, аркатурныя паяскі, дэкаратыўная апрацоўка вуглоў). Аконныя праёмы лучковага, паўцыркульнага абрысу розныя па велічыні. Інтэр'ер глядзельнай залы аздоблены разбой па дрэве. Асабліва тонкай скразной разьбой вылучаецца цэнтральная ложа, якая раней звалася губернатарскай.