зваротная сувязь
Калі вы заўважылі недакладнасць, ці маеце пытанне - лістуйце:
Калі ласка, прадстаўцеся
Як з вамі звязацца?
Увядзіце карэктны email
Пра што вы хацелі даведацца?

Адпраўлена!

Памылка!

Дом Саветаў

Шыфр

513Г000039_1

Катэгорыя каштоўнасці

Тып каштоўнасці

Падтып каштоўнасці

Месца знаходжання

Магілёўская вобласць, г. Магілёў, вул. Першамайская, 71

Датаванне

1938 г. - 1940 г.

Стыль

Канструктывізм

Апісанне

Дом Саветаў - помнік архітэктуры канструктывізма. Уваходзіць у архітэктурны ансамбль плошчы Леніна, з'яўляецца яго дамінантай. Будынак размешчаны на паўночным баку плошчы, галоўным фасадам выходзіць на поўдзень. Пабудаваны ў 1938-1940 гадах паводле праекта вядомага савецкага архітэктара I. Лангбарда, ганаровага дзеяча мастацтваў і архітэктуры БССР.

Будынак мае пірамідальны выгляд, складанае планіровачнае і архітэктурнае вырашэнне. Створаны ў вобразе разгорнутага сцяга. Яго кампазіцыя разгортваецца па выцягнутым эліпсе, утвараючы глыбокі курданёр. Рознавышыннасць аб’ёмаў надае збудаванню дынамічны характар, што яшчэ больш узмацняецца строгім рытмам лапатак на ўсю вышыню будынка.

Да цэнтральнага прамавугольнага ў плане 8-павярховага аб’ёму прылягаюць два таксама прамавугольныя у плане 7-мі павярховыя. Іх у сваю чаргу фланкіруюць паўкруглыя 5-павярховыя аб’ёмы, якія заканчваюцца невялікімі прамавугольнымі крыламі. Такім чынам утвараецца пірамідальная кампазіцыя з рытмічным нарастаннем паверхаў да цэнтра будынка. Разнастайныя па вышыні і форме аб’ёмы аб’яднаны адзіным дэкаратыўным матывам - шырокімі лапаткамі на ўсю вышыню будынка, размешчанымі ў прасценках. Аб’ём завершаны высокімі парапетамі, на цэнтральным — барэльефная выява герба БССР. Па першапачатковым праекце дах будынка быў двухсхільны, у пасляваенны час заменены на пляскаты.

Унутраная планіроўка вызначаецца прастатой. У аснове планіровачнай структуры кожнага корпуса - калідорная сістэма. Службовыя памяшканні зручна злучаны паміж сабой светлымі калідорамі. Галоўны ўваход размешчаны ў цэнтры будынка, тут знаходзіцца цэнтральны вестыбюль, сістэма лесвіц з ліфтамі. У кожным корпусе свой асобны ўваход з невялікім вестыбюлем і лесвіцай.

У гэтым збудаванні I. Лангбард імкнуўся выкарыстаць кампазіцыйны прыём і формы Дома Урада ў Мінску. Аднак тут яму не ўдалося дасягнуць той гарманічнай цэльнасці мастацкага вобраза, як у Мінску. I. Лангбард быў прыхільнікам вертыкальных архітэктурных рашэнняу. Ён лічыў, што гарызантальная форма ўяўляецца як палажэнне спячага альбо мёртвага, што прыгнечвае, між тым як вертыкальнае палажэнне выказвае жыццё, бадзёрасць, моц і супрацьстае сталаму прыцягванню да зямлі.