Шыфр
612Г000480_1
Катэгорыя каштоўнасці
Тып каштоўнасці
Падтып каштоўнасці
Месца знаходжання
Датаванне
1593 - 1596
Стыль
барока
Апісанне
Кляштар бенедыкцінак у Нясвіжы пабудаваны ў канцы XVI ст. па ініцыятыве князя Мікалая Радзівіла “Сіроткі” і яго жонкі Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх. Да гэтага часу ў Вялікім княстве Літоўскім не было жаночага кляштара, а таксама адукацыйнага асяродка для дзяўчат са шляхецкіх сем’яў каталіцкага веравызнання. Гэта акалічнасць, а найперш, імкненне забяспечыць навучанне і выхаванне прадстаўніц жаночай паловы роду Радзівілаў, і стала асноўнай прычынай намеру першага нясвіжскага ардыната стварыць на сваіх землях кляштар з такімі функцыямі. У кляштар прымалі дзяўчат шляхецкага стану, некаторыя з іх дасягнуўшы пэўнага ўзросту, выходзілі з кляштара, атрымаўшы там добрую адукацыю і навыкі ў мастацкіх занятках. Такім чынам, гэта была не проста рэлігійная, але і навучальна-выхаваўчая ўстанова.
Падмуркі кляштара на выбраным у паўднёвай частцы горада месцы былі закладзены 13 мая 1593 г. А 5 кастрычніка 1596 г. бенедыкцінкі ўжо засяліліся ў новы будынак. На наступны год, 12 чэрвена 1597 г., была праведзена першая імша ў касцёле. Асвячэнне святыні ў гонар св. Яўфіміі, якое здзейсніў жмудскі біскуп Мельхіёр Гедройц, адбылося 19 ліпеня 1598 г., па іншых звестках, у 1597 г. Трэба адзначыць, што ў некаторых крыніцах пачаткам будаўніцтва касцёла значыцца 1590 г. Мураваныя касцёл і двухпавярховы кляштар узводзіліся адначасова і стварылі цэласны Е-падобны ў плане архітэктурны ансамбль. Неф святыні разам з неглыбокім трансептам утварае ў плане лацінскі крыж, ўбудаваны ў аб’ём кляштара амаль пасярэдзіне. Сяродкрыжжа звонку было пазначана невялікай вежачкай з купалам. Грунтуючыся на стылістычных асаблівасцях касцёла, даследчыкі выказваюць меркаванне адносна аўтарства гэтага выдатнага помніка архітэктуры. Аўтарам мог быць Джавані Марыя Бернардоні, які якраз у 1586 – 1599 гг. у Нясвіжы кіраваў будаўніцтвам калегіума езуітаў і касцёла Божага Цела, з’яўляючыся на той час галоўным архітэктарам у Радзівілаў. Арган у касцёле быў усталяваны ў 1762 г., рэстаўраваны майстрам з Вільні Ф. Астрамецкім у 1891 г., які захаваў структуру XVIIІ ст. і праспект з дэкорам у стылі ракако. У картушах наверсе аргана надпісы сведчаць, што яго заказала Яўфімія Шаняўская настаяцельніца кляштара ў 1757 – 1789 гг.
Кляштарны комплекс неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся. У 1763 г. архітэктурны ансамбль кляштара бенедыкцінак дапоўнілі надбрамнай вежай-званіцай у стылі позняга барока, якая размешчана ў лініі мураванай агароджы па восі вуліцы (цяпер вул. Чкалава). Перабудовы закранулі і кляштарныя жылыя карпусы. У XVIII ст. да паўднёва-ўсходняга тарцовага фасада паўночна-ўсходняга крыла была прыбудавана мураваная пякарня. У гэты ж час да заходняга кута кляштарнага крыла законніц была зроблена двухпавярховая прыбудова з лесвіцай. Калі былі пабудаваны гаспадарчыя будынкі, якія захаваліся да нашага часу, дакладна не вядома. Будынак на ўсходнім рагу агароджы згадваецца ў інвентарах канца XVIII ст. як лазня. Магчыма, у канцы XVIII ст. былі пабудаваны гаспадарчыя будынкі ў заходняй частцы кляштара, пазней калідорам далучаныя да паўднёва-заходняга крыла кляштара.
15 ліпеня 1877 г. кляштар быў скасаваны. 15 манашак выслалі ў Вільню і 5 у кляштар брыгітак у Гродне. У хуткім часе касцёл прыстасавалі пад царкву, а жылыя карпусы кляштара пад казармы. Алтары, амбон, арган і інш. былі вывезены ў касцёл у Новай Мышы, частка срэбраных рэчаў, літургічныя тканіны былі перададзеныя ў Віленскую катэдру, вялікі звон – у Нясвіжскі фарны касцёл, 3 малыя званы – у Капыль.
Падчас прыстасавання кляштара ў казармы адбыліся некаторыя перапланіроўкі, былі пашкоджаны і засыпаны пахаванні ў яго сутарэннях. Над прэсбітэрыем былога касцёла надбудавалі візантыйскі купал з какошнікамі. І, як вышэй адзначалася, каля 1899 г. разабралі верхнія ярусы касцельнай вежы.
У 1920 – 1945 гг. кляштар аднавіў сваю дзейнасць.
Нягледзячы на тое, што кляштар і касцёл былі адаптаваныя для патрэб дыслакацыі вайсковых падраздзяленняў, а таксама выконваліся пазнейшыя работы па прыстасаванні будынкаў пад адукацыйныя і жылыя патрэбы, яго архітэктурныя асаблівасці захаваліся без якіх-небудзь істотных зменаў. Іканаграфічныя і пісьмовы крыніцы, спалучаныя з матэрыяламі натурных даследаванняў комплексу, у выпадку патрэбы, дазваляюць правесці яго рэканструкцыю на паслябудаўнічы перыяд XVI ст., а таксама аднавіць архітэктурны ансамбль, што быў створаны ў выніку перабудовы ў XVIII ст.